МЗС Беларусі чакае камунікацыі з прадстаўніком Літвы

Беларускі МЗС чакае камунікацыі з прадстаўніком Літвы па ўзаемадзеянні з Мінскам, заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.

На палях Анталійскага дыпламатычнага форуму карэспандэнтка дзяржаўнага тэлеканала АНТ узяла каментарый і міністра замежных спраў Літвы Кястутыса Будрыса. У каментарыі Будрыс заявіў: «Я хачу мець наладжаныя кантакты з Беларуссю. Гэта мая мара, сапраўды. Без лішніх пагроз. Я вельмі спадзяюся, што аднойчы ў нас будуць выдатныя адносіны пасля таго, як мы вырашым усе пытанні» (пераклад з англійскай АНТ). На пытанне пра гатоўнасць наладзіць адносіны з Беларуссю Будрыс адказаў: «Гэта мая мара».

Тэлеканал АНТ папрасіў Варанкова пракаментаваць заяву Будрыса.

«У Анталіі міністр замежных спраў Літвы заявіў, што марыць пра выдатныя адносіны з Беларуссю пасля таго, як будуць вырашаны ўсе пытанні. Якая наша пазіцыя, ці гатовы Мінск да дыялогу, і ў цэлым ваш каментарый з гэтай нагоды?» — спытаў карэспандэнт АНТ.

Варанкоў заявіў, што Беларусь гатовая да канструктыўнага дыялогу з Літвой і чакае кантактаў з прадстаўніком МЗС Літвы.

«Мы вітаем такую заяву. Беларусь заўсёды выступала за добрасуседскія і ўзаемавыгадныя адносіны з Літвой і падзяляе імкненне да іх нармалізацыі.

З свайго боку пацвярджаем поўную гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу. Як раней стала вядома са СМІ, літоўскім знешнепалітычным ведамствам прызначаны прадстаўнік для ўзаемадзеяння з Мінскам. Мы чакаем камунікацыі па гэтай лініі.

Разлічваем, што сумеснымі намаганнямі мы зможам вывесці двухбаковыя адносіны на той узровень, пра які казаў спадар Будрыс», — заявіў Варанкоў.

Нагадаем, за дыялог паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў выказваўся спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у сакавіку.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа называў тры ўмовы для пачатку дыялогу з Беларуссю: спыненне запуску метэазондаў праз мяжу на працягу чатырох тыдняў, вяртанне затрыманых беларускім бокам літоўскіх фур без дадатковых збораў і спыненне нелегальнага прапуску мігрантаў праз мяжу.

З таго часу колькасць мігрантаў на літоўскай мяжы вырасла, метэазонды працягваюць залятаць у Літву. 10 красавіка МЗС Літвы прыгразіла зноў закрыць мяжу з Беларуссю, калі праблемы не будуць вырашаны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!