Фото: t.me/gpkgovby
Літва пагражае абмежаваць рух у памежных пунктах на беларускай мяжы і прыняць іншыя меры для абароны паветранай прасторы і нацыянальнай бяспекі.
МЗС Літвы 10 красавіка выступіла з рашучым пратэстам у адрас Беларусі ў сувязі з запускам метэазондаў 9 красавіка. Паветраныя шары парушылі паветраную прастору Літвы і стварылі пагрозу для грамадзянскай авіяцыі.
«У выніку інцыдэнту паветраная прастора над Вільнюскім аэрапортам была абмежаваная больш чым на сем гадзін», — адзначае літоўскае МЗС.
Літоўскі бок таксама звяртае ўвагу на рост патокаў арганізаванай нелегальнай міграцыі з боку Беларусі. З пачатку года літоўскія службы ўжо спынілі 347 спроб незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы Літвы.
«Літва запатрабавала ад Беларусі неадкладна прыняць меры для спынення сістэматычных парушэнняў яе паветранай прасторы і сухапутнай мяжы. Таксама Літва папярэдзіла, што ў выпадку працягнення гэтых незаконных дзеянняў пакідае за сабой права зноў увесці абмежаванні на рух праз памежныя пункты пропуску і прымяніць дадатковыя меры для абароны сваёй паветранай прасторы, грамадзянскай авіяцыі і нацыянальнай бяспекі», — заяўляе МЗС Літвы.
Нагадаем, з-за метэазондаў, якія прыляцелі з Беларусі, работа аэрапорта ў Вільнюсе закрывалася на некалькі гадзін у ноч з 9 на 10 красавіка. Літоўскія службы зафіксавалі на радарах 20 адзнак, характэрных для паветраных шароў.
У кастрычніку-лістападзе 2025 года Літва закрывала беларускую мяжу на некалькі тыдняў. Перасячэнне мяжы было дазволена толькі некаторым катэгорыям грамадзян. У адказ беларускія ўлады забаранілі грузавікам на літоўскіх нумарах выязджаць з Беларусі і накіравалі іх на платныя спецстаянкі. Выпуск грузавікоў быў дазволены толькі ў канцы сакавіка 2026 года.