Украинско-беларусская граница. Фото: t.me/SerhiyNaiev
Украінскія памежнікі не фіксуюць нарошчвання беларускіх войскаў на беларуска-ўкраінскай мяжы. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежслужбы Украіны Андрэй Дземчанка падчас тэлемарафону, піша «Укрінформ».
«Падцягвання войскаў няма. Яшчэ з 2022 года Беларусь трымае на асобных напрамках свае падраздзяленні, тады яны заявілі, што гэта з мэтай узмацнення сваёй бяспекі, бо чакаюць нейкіх дзеянняў з боку Украіны, хаця Украіна ніколі не пагражала Беларусі і не плануе ажыццяўляць такія дзеянні. Таму ёсць тыя падраздзяленні, якія Беларусь і да гэтага трымала па напрамку нашай мяжы. Яны ротуюцца, змяняюцца, ажыццяўляюцца іх перамяшчэнні, але нарошчвання нават гэтых падраздзяленняў не адбываецца», – заявіў Дземчанка.
Паводле слоў Дземчанкі, перамяшчэнне тэхнікі каля мяжы таксама не фіксуецца.
«Інфармацыйна нагнятаючы, у свой час яны заявілі пра стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання якраз па напрамку мяжы з Украінай. У рамках гэтага могуць і абсталёўвацца пазіцыі, палігоны і пад’язныя шляхі», — адзначыў прадстаўнік Дзяржпамежслужбы Украіны.
Дземчанка падкрэсліў, што цяпер Расія не трымае ў Беларусі буйных сіл, якія маглі б уварвацца ва Украіну, але нельга выключаць нейкіх правакацыйных дзеянняў, у прыватнасці, з мэтай адцягнення УСУ на гэты беларускі напрамак з больш важных.
Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў 17 красавіка, што Расія будзе зноў спрабаваць уцягнуць Беларусь у вайну. Ён адзначыў, што ў Беларусі назіраецца павышаная актыўнасць узброеных сіл, а ў прыгранічных раёнах вядзецца будаўніцтва дарог да тэрыторыі Украіны і абсталяванне артылерыйскіх пазіцый.