Фото: ГТК
Дзяржаўны мытны камітэт даў справаздачу аб перахопе дзвюх партый імпартных тавараў, якія спрабавалі ўвезці з Расіі. Паводле версіі ДМК, перад гэтым яны былі нелегальна ўвезеныя на тэрыторыю ЕАЭС.
Гэтым разам спецмерапрыемства прайшло ў зоне адказнасці Віцебскай мытні. Раней ДМК публікаваў такія зводкі ў асноўным з Гомельскай вобласці.
У першым выпадку мытнікі спынілі беларускага ІП, у транспартным сродку якога знаходзілася амаль 3 тыс. адзінак тавараў на суму 190 тыс. рублёў. У прадпрымальніка не было ніякіх суправаджальных дакументаў.
У другім выпадку 2,5 тыс. адзінак адзення, абутку, сумак, аўтазапчастак, інструментаў на суму больш за 93 тыс. рублёў былі знойдзеныя ў грузавіку беларускага перавозчыка.
Распачаты адміністрацыйны працэс.