Фото: ГТК
Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальных спраў, звязаных з шэрай схемай увозу электрамабіляў. Справы расследуюцца паводле ч. 2 арт. 231 КК.
Паводле версіі мытні, удзельнікі схемы стварылі юрыдычную асобу і арганізавалі перамяшчэнне праз мяжу транспартных сродкаў для наступнага перапродажу. Аўтамабілі ўвозіліся пад выглядам тавараў для асабістага карыстання. Афармляючы ўвоз на фізічных асоб, удзельнікі схемы эканомілі на мытных плацяжах, а таксама ўтылізацыйным зборы, які для юрыдычных асоб значна большы, чым для насельніцтва.
Усяго па такой схеме ў Беларусь былі ўвезены каля 300 электрамабіляў і гібрыдаў. За кожны з іх было недаплачана да 60 тыс. рублёў збораў. Агульная сума шкоды ацэньваецца прыкладна ў 10 млн рублёў.
Мытня ўстанавіла месцы захоўвання і наклала арышт на больш як 100 транспартных сродкаў Li, Voyah, Zeekr коштам больш за 11 млн рублёў.