Фото: facebook.com/rs.gov.lv
У Латвіі выявілі першы тунэль, выкапаны пад мяжой з Беларуссю. Раней падобныя тунэлі, выкапаныя мігрантамі, ужо знаходзілі ў Літве і Польшчы.
Як паведаміў міністр унутраных спраў Яніс Домбрава, група мігрантаў, якія парушылі мяжу, была выяўленая дзякуючы супрацоўніцтву памежнікаў, вайскоўцаў і паліцыі. Затрыманыя былі выпацканыя зямлёй.
«Спрабуючы дакладней высветліць, як яны трапілі ў нашу краіну, мы і знайшлі гэты схаваны тунэль — пакуль першы тунэль такога роду ў Латвіі», — сказаў Домбрава, перадае LSM.
Паводле яго слоў, ён ужо даручыў ацаніць, якія меры трэба прыняць для выяўлення тунэляў.
Нагадаем, Латвія ў апошнія месяцы з’яўляецца асноўным напрамкам міграцыйнага ціску на мяжы Беларусі з краінамі ЕС. Штодня рэгіструюцца дзясяткі, а нярэдка і больш за сотню спроб парушэння мяжы. Нярэдка мігрантаў, якім удалося яе перайсці, у далейшым затрымліваюць ужо літоўскія і польскія памежнікі.
Тунэль у Латвіі быў выяўлены ў рамках аперацыі Vilkatis (Воўк), якая пачалася на гэтым тыдні і накіраваная супраць парушэнняў мяжы. У рамках аперацыі латвійскія сілавікі паспрабуюць нанесці ўдар па інфраструктуры міграцыі, у прыватнасці, будзе надавацца павышаная ўвага транспарту.