«Мы не можам зрабіць крок ні ў той, ні ў гэты бок»: рэжысёрка Валянціна Мароз пра фестываль «Dramatyzacja»

У Варшаве прайшоў фестываль сучаснай беларускай драматургіі «Dramatyzacja», зладжаны Беларускім Інстытутам тэатра.

Фестываль стаўся фіналам конкурсу п’ес сучасных беларускіх драматургаў. У праграме адбыліся перфарматыўныя чытанні драматургічных тэкстаў з шорт-ліста конкурсу, сустрэчы з аўтарамі і адкрытыя дыскусіі.

Тэатральныя тэксты асэнсоўваюць нашу сучаснасць і падымаюць тэмы памяці, гвалту, эміграцыі і жыцця «паміж». Паразмаўлялі з арт-дырэктаркай конкурсу рэжысёркай Валянцінай Мароз пра тэмы і сэнсы беларускага тэатра.

– Задам відавочнае пытанне: з якой мэтай вы зладзілі гэты фестываль?

– Падобны конкурс – ён называўся «WriteBox» – праходзіў раней у Мінску на працягу амаль шасці гадоў, і мяркую, выхаваў шэраг выдатных беларускіх драматургаў. Пасля 2020-га года ўсё абрынулася. Па-першае, тэатральнае кам’юніці цяпер разарванае. Па-другое, з тэатрам у Беларусі адбываюцца жахлівыя рэчы: незалежных калектываў у краіне больш не існуе. Дзейнічае жорсткая цэнзура, таму актуальныя беларускія тэксты ніякім чынам не ўвасабляюцца на сцэне.

А тут, у Польшчы, праходзяць беларускія тэатральныя фестывалі, таму існуе патрэба ў сучасных п’есах. І дзе іх узяць, незразумела. То-бок мы падтрымліваем нейкія кантакты з вядомымі нам драматургамі, аднак нехта з іх перастаў пісаць, таму што не бачыць у гэтым сэнсу, некаму трэба выжываць ва ўмовах эміграцыі. А галоўнае для ўсіх пытанне: куды пісаць?

І вось менавіта дзеля таго, каб матываваць гэтых людзей, мы два гады «прабівалі» драматургічны конкурс: стукаліся ва ўсе дзверы, падавалі заяўкі ў розныя фонды і нарэшце атрымалі грант ад Герыянскага Фонда Маршала, таму змаглі зладзіць драматургічны фестываль.

А гэтыя 66 тэкстаў – плён працы драматургаў за пяць апошніх гадоў – за дастаткова доўгі перыяд.

Абмеркаванне п’есы «Любое месца, дзе засталіся сляды» Марыі Бяльковіч (трэцяя злева). Фота: Марыя Карнеенка.

– Хто напісаў гэтыя тэксты, аматары ці адмыслоўцы, які быў іх узровень, патэнцыял, ці шмат на іх аснове можна паставіць спектакляў? І дзеля чаго, з якой канкрэтнай мэтай былі напісаныя гэтыя тэксты? Дзе драматургі меркавалі іх рэалізаваць?

– Частка п’ес была напісана на драматургічных лабараторыях, якія праводзяцца ў Еўропе. Частка напісана таму, што аўтары – драматургі, і яны проста не могуць не пісаць тэксты. Хоць пасля і не зразумела, што з імі рабіць. Гэта таксама прыкмета часу.

Яшчэ адна прыкмета часу – даволі шмат тэкстаў было на беларускай мове, хоць мы прымалі на розных мовах, у тым ліку і на польскай.

Частка п’ес было пад псеўданімамі, і мы не заўсёды ведаем, хто за імі стаіць.

Цікава, што частка драматургаў, п’есы якіх шмат ставілі на постсавецкай прасторы, не ўдзельнічала ў конкурсе. Гэта людзі прыкладна ад 40 да 50 гадоў. Магчыма таму, што яны застаюцца ў Мінску.

Але мы атрымалі вельмі шмат тэкстаў ад новых аўтараў.

З усіх гэтых твораў журы сфармавала спачатку лонг-ліст з дзесяці п’ес. Туды трапілі яркія, цікавыя і самабытныя тэксты, з якімі можна працаваць і рабіць спектаклі. Цікава, што большасць з іх напісаныя жанчынамі, а ў шорт ліст трапілі толькі жаночыя тэксты. Гэта такі феномен нашага часу і нагода паразважаць, чаму так адбываецца.

– Дзе вучацца беларускія драматургі? Адкуль прыходзяць у прафесію?

– У Беларусі няма такой інстытуцыі, якая б рыхтавала драматургаў. Гэта людзі з вельмі розным досведам – філолагі, акторы, рэжысёры, людзі, што прыйшлі з тэатральнай сферы ці з іншых прафесій. Свой досвед нехта з іх набываў на драматургічных лабараторыях, нехта на нейкіх іншых студыях.

Напрыклад, у ЕГУ нядаўна прайшла тэатральная лабараторыя для студэнтаў. Драматургічныя лабараторыі праводзяцца у Польшчы, Чэхіі, Славакіі і іншых краінах Еўразвяза. Куды толькі будучыя драматургі не ездзяць, каб атрымаць нейкі досвед! Але гэта не базавая акадэмічная адукацыя.

Сцэна з перфарматыўнай чыткі п’есы Ксеніі Штялянковай «Найсапраўднейшае». Рэжысёр і актор Кірыл Машэка. Фота: reform.news

– На фестывалі атрымаўся своеасаблівы зрэз сучаснага незалежнага беларускага тэатра. Такога, якім ён бы мог развівацца без цэнзуры і пры матэрыяльнай падтрымцы. Што вы ўбачылі ў прапанаваных тэмах, у спосабах іх рэалізацыі?

Якім мог бы быць сучасны беларускі тэатр. Мяркую, што ён бы падымаў тэмы, якія хвалююць гледача. Што гэта за тэмы? Напрыклад, у доўгім спісе з 10 п’ес…

– Найперш – гэта так ці іначай 2020 год. Драматургі спрабуюць асэнсаваць гэту траўму. Што з намі адбылося? Як з гэтым жыць далей?

Яшчэ адна важная тэма – эміграцыя, адаптацыя.

Таксама былі тэксты, у якіх аўтары разважаюць на тэмы ідэнтычнасці, спрабуюць асэнсаваць, хто мы, куды рухаемся і якая ў нас можа быць стратэгія, калі не вернемся ў Беларусь у бліжэйшай будучыні?

Увогуле, калі мы разважаем пра сучасную драматургію, то яе асноўнай задачай з’яўляецца менавіта сацыяльная адчувальнасць. Калі аўтар можа ўбачыць і апісаць болевыя кропкі грамадства.

Першы тэкст, які быў увасоблены на сцэне, – «Найсапраўднейшае» Ксеніі Шталянковай. Гэта вельмі нечаканы тэкст, бо гэта яе ўласная і вельмі траўматычная гісторыя, гісторыя чалавека, які мае няпросты дыягназ – спінальная мышачная атрафія. І яна раскрывае нам даволі балючыя рэчы, яна цалкам раскрываецца. І я – як глядач – канешне ёй суперажываю, адчуваю пры гэтым і боль, і жаданне абараніць яе, прыкрыць, таму што чалавек вельмі моцна агаляе сваю душу. Неверагодныя пачуцці.

Сцэна з перфарматыўнай чыткі п’есы Ксеніі Штялянковай “Найсапраўднейшае”. Рэжысёр і актор Кірыл Машэка. Фота: reform.news

– Я сядзела па дыяганалі ад Ксеніі і ў нейкі крытычны момант чытання мне захацелася падгледзіць яе рэакцыю, але я так і не змагла зірнуць у той бок. Мне стала страшна ўбачыць, што яна адчувае.

– Так, побач з ёй былі яе бацькі. І я бачыла, як бацька часта закрываў твар рукой. Ім было цяжка.

Таксама ўражвала тое, як гэта было рэалізавана на сцэне, як рэжысёр і выканаўца Кірыл Машэка, спрабаваў перадаць гэты боль.

Як ён змог знайсці такое ўвасабленне? Як змог перадаць гэты стан? Стан чалавека на мяжы ўласнага болю, не толькі фізічнага, але і псіхічнага. Ён знайшоў вельмі моцны эквівалент.

– Другая паказаная п’еса стала пераможцам. «Лімб» Рэнаты Талан увасобіла рэжысёрка Жэня Давідзенка. Гісторыя пра тое, як жанчына, што застаецца ў Беларусі і не можа па палітычных прычынах знайсці працу, раптам нечакана для сябе пачынае зарабляць тым, што ходзіць на пахаванні, каб ад імя родных, якія не могуць прыехаць у краіну, годна развітацца з памерлымі. Гэта магло б стаць звычайным аповедам, калі тут увогуле падыходзіць слова «звычайны», калі б не маркесаўскія матывы. Незразумелыя чорныя кропкі на люстэрку разрастаюцца і падміргваюць гераіне, ложак прарастае нейкім барвінкам, а ад метамарфоз з кормам для шыншылы увогуле можна крыху звар’яцець, калі ўрэшце разумееш, дзе тая шыншыла. Ну і канец – цалкам кафкіянскі. Але ж пры гэтым гледачы перыядычна смяяліся…

– Я працавала з гэтым тэкстам у мінулым годзе і абсалютна па-іншаму яго вырашыла. Мы ў большай ступені зачарнілі гэтую гісторыю.

Але мне здаецца, што гэта вельмі важны тэкст не толькі для беларускага тэатра, але і для сучаснага тэатра ўвогуле. І хоць рэжысёрка прыўнесла шмат гумару, тэкст, канешне, пра сітуацыю трагічную. Мы падзелены мяжой і не можам яе перасекчы. І там апынуліся нашы блізкія людзі. Мы не можам з імі развітацца, калі яны паміраюць. То-бок гэта наша антычная трагедыя, наша «Антыгона». Мы не можам пахаваць сваіх родных. Мы іх не пахавалі, мы не ўбачылі іх у апошнія хвіліны іх жыцця. Яны для нас застаюцца жывымі. Гэта да немагчымасці пранізлівы тэкст. І вельмі палітычны.

«Лімб» Рэнаты Талан, рэжысёрка Жэня Давідзенка. Фота: reform.news.

– Так, цікава, што на абмеркаванні нехта згадаў выказванне, здаецца, польскага крытыка, што гэты тэкст не палітычны. Толькі беларусы разумеюць, што за гэтым усім стаіць.

– Вы ведаеце, летась, калі я рабіла чытку гэтай п’есы на іншым фестывалі, там беларусы таксама сядзелі ў зале. І пасля заканчэння наступіла глухая цішыня.

Гэты было вельмі дзіўна. І на абмеркаванні нехта таксама сказаў, што гэта не палітычны тэкст. І я бачу, што мая каляжанка, якая сядзіць побач, плача і кажа, што як жа гэта не палітычны тэкст, калі ў мяне бацька памёр, а я не змагла туды прыехаць і яго пахаваць. Гэта звязана з палітыкай, бо ў мяне няма магчымасці перасекчы мяжу.

Гэта вельмі моцная п’еса, бо яна ўніверсальная і адкрываецца па-рознаму для людзей, з розных краін. Яны па-свойму прачытваюць сэнсы, закладзеныя ў тэксце. Але гэта вельмі важныя сэнсы.

– І назва, канешне, тут невыпадковая – «Лімб». Няпэўная прастора паміж жыццём і смерцю.

– Так, мы нібы завіслі і не можам зрабіць крок ні ў той, ні ў гэты бок.

«Апошні сведак [старога Гродна]» Амаліі Рызніч у рэжысуры Александра Енджэеўскага. Фота: сацсеткі.
– На наступны дзень фэсту паказалі тры перфарматыўныя чыткі. І першая з іх – «Апошні сведак [старога Гродна]» Амаліі Рызніч у рэжысуры Александра Енджэеўскага. Для мяне гэты тэкст пра гродзенскага журналіста – найперш пра глыбокі ўнутраны раскол у грамадстве, таму што аўтарка абсалютна нейтральна дае права голасу вельмі розным людзям, у тым ліку старым абаронцам Гродна ад савецкай улады, праўладным журналістам, «ябацькам» – усе імкнуцца данесці сваю праўду.

– Дарэчы, гэты тэкст быў створаны ў рамках лабараторыі ў Нямеччыне. І тады ж ён быў увасоблены на сцэне. Сапраўды, гэта гісторыя пра падзеленае грамадства і адначасова – гісторыя гродзенскага журналіста, які жыў сваё жыццё, пісаў нейкія важныя для горада матэрыялы і героем зусім не быў. Але з ім у 2020-м адбываецца сур’ёзная трансфармацыя, калі ён сутыкаецца з новай рэальнасцю, да якой зусім не гатовы. Там няма нейкіх геройскіх учынкаў, а ёсць хутчэй момант дарослення. І так, там паказаныя гэтыя «канапныя войскі», мама, якая па іншы бок барыкад.

– Рэжысёр Александр Енджэеўскі – таксама з Гродна, як і акторы. Яны ведаюць усю гэтую гісторыю і таму тэкст падкарацілі. Наколькі рэжысёр меў права рабіць свае карэктывы?

– Пытанне так не задаецца, ці меў ён права. Ён чытае тэкст, і ў яго ёсць свой уласны погляд на інтэрпрэтацыю гэтага матэрыялу. Любая п’еса – гэта не адзіны шлях. Заўсёды можа быць некалькі шляхоў яе прачытання, увасаблення…

Таму што ёсць драматург, які стварае п’есу, і ёсць рэжысёр, які стварае іншы сцэнічны тэкст на аснове гэтага тэксту.

Іншая справа, што фестываль усё ж драматургічны. Тут мяркуецца беражлівая праца рэжысёра з тэкстам.

Дарэчы, важна, што паміж рэжысёрам і драматургам была наладжана нейкая камунікацыя. Праўда, я не ведаю, наколькі яны паміж сабой узаемадзейнічалі.

«Любое месца, дзе засталіся сляды» Марыі Бяльковіч (рэжысёрка – Бажэна Шымовіч). Фота: Марыя Карнеенка.

– Наступная п’еса – «Любое месца, дзе засталіся сляды» Марыі Бяльковіч (рэжысёрка – Бажэна Шымовіч) – найменш наратыўная і найбольш экзістэнцыйная. То-бок у ёй нічога не адбываецца, акрамя таго, што галоўную гераіню пастаянна запытваюць, як яна перажыла тое, што перажыла. А яна нічога ўцямнага не можа расказаць ні журналістам, ні сябрам, ні грамадскасці. І ўсё гэта пададзена так трывожна і абрывіста, што адчуваеш толькі холад і жах.

– Так, я таксама магу пацвердзіць, што п’еса вельмі добрая, дарэчы, Марыя яе напісала, здаецца, у 2022 годзе. Я бачыла некалькі чытак, але гэтая мяне пераканала на сто адсоткаў. Атрымаўся вельмі складаны калаж, размова пра нас, хто мы, адкуль мы, якія мы выбіраем шляхі і як нам справіцца з траўмай.

Мы стагоддзямі жывём у гвалце, і ён бясконцы. Побач са мной сядзела ўкраінская актрыса, і калі я яе спытала, пра што п’еса, яна адказала: пра жанчыну, якая вярнулася з палону.

Па-сутнасці, гэты тэкст пра жанчыну, якая не можа справіцца з патокам болю і ўсё выцясняе. Яна нічога не памятае, нічога не ведае і нічога не хоча пра сябе ведаць.

– А што для вас значыць вобраз гэтай «кішкі» – кілбасы пальцам пханай?

– Гэта сувязь са сваімі. Марыя ж расказала на абмеркаванні, што яна тату нават спытала, ці правільна яна напісала, як яе гатаваць. А тата адказаў, што там памылка ў тэхналагічным працэсе. Ёсць жа ў нас нейкія базавыя рэчы, як дранікі. Нешта, што мы з сабой нясём як нашы ўспаміны.

– То-бок для вас гэта не пра смерць?

– Не ведаю. Можна па-рознаму гэта інтэрпрэтаваць, але, напэўна, не.

– Але ж там кішкі з жывата дастаюць? Вось мы зараз інтрыгі дадамо…

– Гэта ж у казцы, якую там расказваюць!

«Рудая вавёрка» Хасі Корневай, рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі. Фота: Вольга Стрыжнёва.

– Апошняя п’еса – «Рудая вавёрка» Хасі Корневай, рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі. Пра двух дзяўчын, якія збеглі з «хіміі» праз мяжу, пра тое, што было «там», у турме, што адбылося «тут», у эміграцыі, і невядома, дзе горш. Гісторыя заснаваная на сапраўдных падзеях, і гэты момант знаёмства акторак і іх прататыпаў – рэальных гераінь, якія сядзелі ў першым шэрагу залы, уражваў, бадай, больш за саму п’есу. Тое, як лёгка мы, гледачы і ўдзельнікі, раптам перакрочылі гэтую мяжу паміж жыццём і мастацтвам. Як лёгка гэта сёння зрабіць…

– Так, гэта дакументальная гісторыя, што каранямі ідзе ў 2020-ы. Якая вельмі кранае, таму журы ўвялі яе ў кароткі спіс. Сябра журы, якая застаецца ў Беларусі, вельмі падтрымлівала менавіта гэты тэкст, бо палічыла яго важным для нашага гледача.

«Рудая вавёрка» Хасі Корневай, рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі. Фота: Вольга Стрыжнёва.

– Магчыма, з-за таго, што тут сапраўды вельмі балючыя і вострыя тэмы: турма, вырашальныя сітуацыі, калі з’яўляюцца выпадковыя людзі, ад якіх раптам пачынае залежыць тваё жыццё, адаптацыя ў чужой краіне, настолькі цяжкая, што адна з гераінь хоча назад у турму. Гэта не проста актуальная тэма, яна пячэ.

– Аўтарка максімальна агаліла траўму 2020-га, а мы яе не перажылі. І гэты 2020 год ідзе следам за намі. Ён так і не завяршыўся, таму што ёсць палітзняволеныя, людзей арыштоўваюць, яны сядзяць, а мы за межамі нашай краіны.

– Перфарматыўныя чыткі – гэта шчыльная супраца, як вы ўжо сказалі. Як выбіраліся рэжысёры для гэтых тэкстаў?

– Мы атрымалі пэўную колькасць заявак ад рэжысёраў і выбралі пяць з іх. Не абышлося без складанасцей. Адзін чалавек адмовіўся працаваць над п’есай «Апошні сведка» са сваёй камандай, палічыўшы яе траўматычнай. Так што Аляксандр Енджыеўскі ўзяў дзве п’есы ў працу.

Рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі. Фота: Марыя Карнеенка.

– Фестываль адбыўся. Што будзе далей з гэтымі неверагоднымі тэкстамі? Які можа быць іх лёс?

– Што мы хацелі ад фестывалю найперш: зразумець, што сёння адбываецца ў беларускай драматургіі, ці жывая яна ўвогуле, пра што сёння пішуць нашы драматургі, якое кола тэмаў яны могуць прапанаваць?

Далей, мы дэкларавалі, што ўсё пяць п’ес з шорт-ліста будуць пераведзены на польскую мову і размешчаны на сайце Беларускага інстытута тэатра.

Мы пакуль нічога не абяцаем, але паспрабуем гэтыя тэксты праматаваць, прасоўваць.

Я не ўпэўнена, што польскія тэатры адмыслова шукаюць беларускія п’есы. Але мы хацелі б знайсці выдаўца і апублікаваць гэтыя тэксты. Да мяне пасля заканчэння фестывалю падыйшоў украінскі калега і сказаў, што абавязкова трэба зрабіць зборнік беларускіх п’ес, бо ўкраінскі глядач нічога не ведае пра беларускі тэатр.

– Так і напрыканцы выступіў паляк, не ведаю, якім чынам гэты пан патрапіў на беларускі фестываль, які даводзіў, што важна гэтыя п’есы перакласці на польскую мову.

– Гэты пан – мой калега, дырэктар познаньскай арт-інстытуцыі «Барак культуры», дзе мы робім свой тэатральны фестываль. Ён якраз з тых прадстаўнікоў польскага культурнага поля, якія супрацоўнічаюць з беларусамі і ўкраінцамі. Юлія Халевінска – таксама прадстаўніца польскай інстытуцыі, яна намесніца праграмнага дырэктара Драматычнага тэатра ў Варшаве і заснавальніца польскага конкурсу «Аўрора», стала сябрам нашага журы і напісала цудоўныя словы пра п’есу «Любое месца, дзе засталіся сляды», якія агучыла на ўручэнні узнагарод драматургам напрыканцы конкурсу-фестывалю.

І, акрамя ўсяго, у мяне ёсць у гэтым праекце свой асабісты інтарэс, бо мы ў Познані праводзім фестываль «Другая спроба», і там патрэбныя актуальныя беларускія тэксты для таго, каб іх прадставіць гледачам.

– Будзем спадзявацца, што ў вашага праекта будзе інтэрнацыянальная гісторыя.

– Ад пачатку так і задумвалася, бо мы, безумоўна, разумеем, што трэба выходзіць з нашага беларускага «гета». І з той прычыны, што мы праводзім наш конкурс у Польшчы, мы супрацоўнічаем з польскімі дзеячамі. Наш патэнцыйны глядач тут.

– Але ж ёсць надзея, што тэксты змогуць прачытаць і ў Беларусі. А некалі і ўбачыць іх увасабленне на сцэне…

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!