Літва не прызнае рашэнне Беларусі адносна ЕГУ і папярэджвае аб ускладненні двухбаковых адносін

Літва выказала рашучы пратэст Беларусі ў сувязі з рашэннем беларускіх уладаў прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які з 2004 года законна дзейнічае ў Літве, «экстрэмісцкай арганізацыяй». Адпаведную заяву апублікавала Міністэрства замежных спраў краіны.

МЗС Літвы расцаніла гэта рашэнне як “палітычна матываванае, неабгрунтаванае і такое, што парушае прынцыпы міжнароднага права і суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”.

“Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна дзейнічае ў іншай краіне, абвяшчаецца «экстрэмісцкай арганізацыяй», – падкрэслілі ў ведамстве.

На думку літоўскага боку, рашэнне беларускіх уладаў стварае прамую пагрозу студэнтам і выкладчыцкай супольнасці ЕГУ, крыміналізуе міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва і наносіць сур’ёзную шкоду дэмакратычнаму грамадству і будучыні Беларусі.

“Літва не прызнае ніякай юрыдычнай сілы гэтага рашэння на тэрыторыі краіны, патрабуе яго неадкладнай адмены і папярэджвае, што такія дзеянні яшчэ больш ускладняць адносіны паміж Літвой і Беларуссю і будуць разгледжаны на нацыянальным узроўні і на ўзроўні Еўрапейскага Саюза з мэтай прыняцця далейшых палітычных і дыпламатычных мер”, – заявілі ў МЗС.

Нагадаем, днямі Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дзейны ў Вільнюсе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт разам з яго структурнымі падраздзяленнямі «экстрэмісцкай арганізацыяй».

У Генпракуратуры заявілі, што дзейнасць ЕГУ курыруецца замежнымі дзяржавамі і фондамі, а праца ўніверсітэта нібыта накіравана на «дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай абстаноўкі» ў Беларусі.

У Генпракуратуры лічаць, што ўніверсітэт рыхтуе беларускую моладзь «да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы, прасоўвання так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, «альтэрнатыўных» трактоўкаў гістарычных, культурных і іншых падзей».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!