Рубіа адмаўляе змякчэнне санкцый супраць Ірана ў абмен на адкрыццё Армузскага праліва

Амерыканскі бок не прапаноўваў Ірану змякчэнне санкцый у абмен на адкрыццё Армузскага праліва. Любыя паслабленні могуць быць звязаныя толькі з ядзернай праграмай. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа на слуханнях у Сенаце, перадае Reuters.

«Зараз усё, што абмяркоўвалася з імі, зводзіцца да таго, што… любое змякчэнне санкцый з’яўляецца ўмоўным, гэта значыць яно павінна быць у абмен на прычыну, па якой гэтыя санкцыі былі ўведзеныя першапачаткова, а менавіта — іх ядзерную праграму», — сказаў Рубіа.

Тым часам ЗША працягваюць пашыраць санкцыі супраць Ірана, увёўшы абмежаванні супраць чатырох крыптабіржаў, якія звязаныя з КВІР.

На слуханнях у Сенаце дзяржаўны сакратар таксама выступіў у абарону палітыкі Трампа ў дачыненні да Венесуэлы. Праўда, пры гэтым прызнаў, што ў Венесуэле пакуль няма ўмоў для свабодных і справядлівых выбараў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!