Арганізатары пошуку зніклых у Кыргызстане альпіністаў з Беларусі і Літвы пракаментавалі заяву МНС краіны, якое не пацвердзіла выяўленне іх цел. Паводле версіі МНС, з дрона быў выяўлены толькі абутак.
“МНС Кыргызстана паведаміла, што 16 жніўня падчас пошукавых работ выяўлены абутак альпіністаў. Гэта праўда, і гэта не супярэчыць таму, што пісалі мы. Чаравікі ў кошках — гэта самае выразнае, што відаць на запісе. Сваю фармулёўку ад 16 жніўня мы не мянялі і паўторым яе даслоўна. Людзей здымка не паказвае, амаль усё схавана снегам і камянямі.
Мы бачым чаравікі ў кошках, часткі рыштунку і адзення і абрысы, якія ўспрымаем як целы. Сказаць напэўна можна будзе толькі пасля спуску, тады ж стане магчымым і апазнанне. З зямлі да гэтага месца яшчэ ніхто не падымаўся. Значыць, пацвердзіць знаходку цяпер не можа ніхто, ні мы, ні любая інстанцыя. Тут няма спрэчкі і няма дзвюх версій. Ёсць асцярожнасць у словах, і мы лічым яе абавязковай”, — гаворыцца на сайце, прысвечаным пошуку зніклых спартсменаў.
Штаб па пошуку пралічвае варыянты аперацыі па спуску. Яна патрабуе асобнай падрыхтоўкі і можа адбыцца ў канцы жніўня або ў верасні.
Нагадаем, беларусы Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў, а таксама грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў не выходзяць на сувязь з 2 жніўня. Група здзяйсняла ўзыходжанне на пік Курумды па паўночным грэбні. 1 жніўня ў 10:30 альпіністы падняліся на пік Курумды. 2 жніўня быў апошні выхад на сувязь. Група паведаміла, што пасля спуску будзе гатовая выехаць 4 жніўня, але ва ўстаноўленае месца так і не выйшла.