МТЗ збіраецца скараціць дылерскую сетку ў Расіі

Мінскі трактарны завод разглядае планы па скарачэнні дылерскай сеткі ў Расіі. Прадпрыемства пераглядае патрабаванні да сэрвіснага абслугоўвання, што і пацягне за сабой скарачэнне сеткі. Пра гэта “Ведомостям” расказаў гендырэктар МТЗ Тарас Мурог.

Цяпер у МТЗ 89 дылераў і пяць уласных гандлёвых дамоў у Расіі, якая займае 55% у структуры экспарту завода ў грашовым выражэнні. У першым паўгоддзі выручка МТЗ ад экспарту ў РФ скарацілася на 2%.

Мурог адзначыў, што расійскія аграрыі адчуваюць ціск знешніх фактараў, адчуваюць скарачэнне экспарту збожжа і зніжэнне цэн на яго. Усё гэта абмяжоўвае магчымасці абнаўлення тэхнікі. Нягледзячы на гэта завод разлічвае, што па выніках года ўдасца нарасціць экспарт на 2%.

«Калі ў цэнавым дыяпазоне мы ўжо не вельмі можам канкурыраваць [з замежнай тэхнікай, у тым ліку кітайскай], мы зраўняліся па цэнах, то ў частцы надзейнасці, прастаты рамонту, нізкага кошту валодання за кошт зручнай наяўнасці запасных частак у кожнай кропцы — гэта ўсё нашы козыры. І па-ранейшаму спадзяюся, што наш кліент ад нас нікуды не адвернецца», — сказаў Мурог.

Як паведаміў “Ведомостям” старшыня праўлення Асацыяцыі дылераў сельскагаспадарчай тэхнікі (АСХОД) Аляксандр Алтынаў, дзве траціны трактарнага парку РФ прыпадаюць на прадукцыю МТЗ. Ён таксама ацаніў дылерскую сетку беларускага завода як не вельмі эфектыўную: у масавым сегменце маржа дылераў невысокая, а рынак пасляпродажнага абслугоўвання практычна адсутнічае.

Алтынаў таксама ацаніў перспектывы трактара Belarus 5425 магутнасцю 542 к. с. На яго думку, на расійскім рынку ніша для такіх трактароў складае каля 100 адзінак у год.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!