МЭА паведаміла пра рост сусветных паставак нафты ў чэрвені

Міжнароднае энергетычнае агенцтва канстатуе аднаўленне сусветнага попыту на нафту і рост паставак асноўнай сыравіны па выніках чэрвеня.

Паводле ацэнкі МЭА, у трэцім квартале скарачэнне попыту на нафту складзе 1,7 млн барэляў за суткі супраць 4,8 млн барэляў за суткі ў другім квартале. У чацвёртым квартале ўжо будзе фіксавацца рост попыту на нафту. У сярэднім па выніках года попыт на нафту скароціцца на 1 млн барэляў за суткі.

У чэрвені сусветная прапанова нафты павялічылася на 4,1 млн барэляў за суткі — да 98,8 млн барэляў за суткі, чаму спрыяла аднаўленне суднаходства праз Армузскі праліў. Паводле даных агенцтва, у чэрвені экспарт нафты з Персідскага заліва склаў 16,1 млн барэляў за суткі, але заставаўся ніжэйшым за даваенны ўзровень, які складаў 24 млн барэляў за суткі.

Разам з тым сусветная здабыча нафты застаецца на 9,4 млн барэляў за суткі ніжэйшай за даваенны ўзровень. У сярэднім па годзе прапанова нафты скароціцца на 3,7 млн барэляў за суткі — да 102,6 млн барэляў за суткі.

У наступным годзе попыт на нафту можа вырасці на 2 млн барэляў за суткі, а здабыча — на 7,5 млн барэляў за суткі.

У чэрвені сусветныя запасы нафты ўпершыню за чатыры месяцы выраслі на 21 млн барэляў.

«Нягледзячы на хвалю паставак сырой нафты на рынак, актыўнасць нафтаперапрацоўчых заводаў і аб’ёмы паставак нафтапрадуктаў рэагавалі значна павольней. Экспарт нафтапрадуктаў і звадкаванага нафтавага газу з краін Персідскага заліва ў чэрвені заставаўся менш чым удвая ніжэйшым за даваенны ўзровень, у той час як аб’ёмы паставак сырой нафты дасягнулі амаль трох чвэрцяў ад лютаўскага ўзроўню.

Адгрузкі з ключавых экспартных нафтаперапрацоўчых заводаў у краінах Персідскага заліва дагэтуль не аднавіліся, што сведчыць пра захаванне абмежаванняў у іх працы. На гэтым фоне ўзмацненне атак Украіны на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы і экспартную інфраструктуру яшчэ больш узмацніла напружанасць на рынках нафтапрадуктаў у Расіі і за яе межамі, што істотна паўплывала як на экспарт, так і на ўнутраныя пастаўкі паліва», — гаворыцца ў штомесячнай справаздачы МЭА.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!