Мінчукі ашукалі замежніка на 130 тысяч долараў пры абмене крыптавалюты

Грамадзянін адной з краін Усходняй Азіі стаў ахвярай мінскіх махляроў. Пра справу расказалі ў прэс-службе МУС.

Замежнік хацеў купіць крыптавалюту. На сустрэчу з ім прыехалі двое мінчукоў ва ўзросце 31 і 36 гадоў. Атрымаўшы ад яго наяўныя грошы ў пакеце, яны падмянілі яго на пакет з падробленымі купюрамі. Затым зламыснікі зрабілі выгляд, што пералічваюць грошы. Падчас пераліку яны прад’явілі пацярпеламу прэтэнзіі ў падмане, нібыта ён разлічыўся несапраўднымі грашыма. Пасля гэтага яны ўцяклі.

Шкода склала 130 тыс. долараў.

Падазраваных знайшлі. Яны затрыманыя. Частка выкрадзенага канфіскавана і вернута ўладальніку.

Узбуджаная крымінальная справа паводле артыкула аб махлярстве ў асабліва буйным памеры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!