Мікалая Аўтуховіча перавядуць з калоніі на турэмны рэжым — «Радыё Свабода»

Палітзняволенага Мікалая Аўтуховіча на тры гады накіруюць у крытую турму. Такое рашэнне прыняў выязны суд, які прайшоў 23 студзеня ў калоніі №14 у пасёлку Навасады пад Барысавам, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на крыніцу.

Паводле яго слоў, суд разглядаў справу два дні — 20 і 23 студзеня. Прычыны новага пераводу на турэмны рэжым пакуль невядомыя. Паводле інфармацыі крыніцы, у калоніі Аўтуховіч правёў 7 сутак у ШІЗА, пасля чаго скардзіўся, што застудзіў вуха.

Ці будзе Мікалай Аўтуховіч абскарджваць рашэнне суда, невядома. Пра тое, у якую менавіта турму перавядуць Аўтуховіча на закрыты рэжым, таксама пакуль няма інфармацыі.

Мікалай Аўтуховіч быў затрыманы ў снежні 2020 года і ў кастрычніку 2022-га атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавачвалі ў здрадзе дзяржаве, садзейнічанні ў тэрарыстычнай дзейнасці, замаху на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні злачыннай арганізацыі, распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні. Паводле прысуду, першыя пяць гадоў ён павінен быў адбываць у турэмным рэжыме. Ён знаходзіўся ў гродзенскай турме, а ў канцы 2025 года яго перавялі ў калонію №14.

Гэта ўжо трэцяе зняволенне Мікалая Аўтуховіча: першае — з кастрычніка 2005-га па студзень 2008-га, другое — з лютага 2009-га па красавік 2014-га, пры гэтым больш за два гады да канца тэрміну ён правёў у гродзенскай турме.

Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай вайны, былы прадпрымальнік і грамадскі дзеяч, яму 63 гады.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!