Мазепін размаўляў з Лукашэнкам пра супрацоўніцтва ў калійнай сферы

Расійскі бізнесмен беларускага паходжання Дзмітрый Мазепін падчас сённяшняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абмяркоўваў супрацоўніцтва ў калійнай сферы.

Раней Мазепін узначальваў найбуйнейшага расійскага вытворцу ўгнаенняў “Уралхім”, у склад якога ўваходзіць “Уралкалій”. Пасля ўвядзення санкцый у дачыненні да яго ён скараціў сваю долю ў кампаніі, а таксама адышоў ад непасрэднага кіравання.

“Я застаюся акцыянерам кампаніі “Уралкалій”. Я не кірую кампаніяй, але ўсё роўна інтарэсы “Уралкалія” і “Беларуськалія”, і тое, што адбываецца на рынку, — гэта важныя пытанні. І пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, вядома, стаялі на парадку дня ў прэзідэнта.

Атрымана добрая ацэнка таго, як мы працавалі апошнія гады. Таму я рады, што мы можам абмяркоўваць не толькі спартыўныя, але і бізнес-пытанні”, — сказаў ён, перадае БелТА.

Нагадаем, у пачатку мінулага дзесяцігоддзя паміж “Беларуськаліем” і “Уралкаліем” існаваў альянс. Яны працавалі праз адзінага трэйдара — “Беларускую калійную кампанію”. Аднак у выніку альянс спыніў існаванне. Пікам канфлікту стала затрыманне тагачаснага генеральнага дырэктара “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнера падчас яго візіту ў Мінск.

Пасля таго як кантроль над “Уралхімам”, у склад якога ўваходзіць “Уралкалій”, перайшоў да Мазепіна, бізнесмен сустракаўся з Лукашэнкам у 2014 годзе, каб абмеркаваць, як кампаніі будуць працаваць на рынку.

У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка расказаў пра неназваных алігархаў з Расіі з беларускімі каранямі, якія гатовы плаціць грошы за яго забойства. Пазней Раман Пратасевіч намякаў на “канкурэнта Гуцэрыева”, які нібыта фінансаваў тэлеграм-каналы ў 2020 годзе, у тым ліку Nexta. І хоць імя Мазепіна наўпрост не называлася, ён усё ж апраўдваўся, кажучы, што такая падтрымка супярэчыць яго поглядам.

Сёння Мазепін прыехаў да Лукашэнкі ў якасці старшыні Федэрацыі водных відаў спорту Расіі. Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе Дзмітрый Мазепін ужо наведваў Мінск у якасці спартыўнага функцыянера. Тады ён сустракаўся з Віктарам Лукашэнкам.

“Я тут як кіраўнік Федэрацыі водных відаў спорту Расіі і як віцэ-прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі. Мы праводзім вялікую сумесную працу дзеля таго, каб усе нашы спартсмены вярнуліся на міжнародную арэну са сцягам і гімнам. Што датычыцца водных відаў спорту як Расіі, так і Беларусі, нам удалося пераканаць міжнародную федэрацыю дапусціць расійскіх і беларускіх спартсменаў, якія прадстаўляюць водныя віды спорту. Я быў рады дакласці Аляксандру Рыгоравічу, што мы разам ідзём да таго, каб выступаць на міжнароднай арэне без усялякіх абмежаванняў”, — сказаў ён.

Разам з тым ён выказаў сумнеў, што спартсмены змогуць спакойна выступіць на чэмпіянаце Еўропы ў Парыжы летам гэтага года.

“Няпростыя з таго пункту гледжання, што спорт адкрыты, міжнародная федэрацыя аднавіла нас ва ўсіх правах. Але наколькі ўлады і палітычнае кіраўніцтва Францыі дадуць нам візы, будуць нам радыя, — гэта застаецца пытаннем для роздуму”, — сказаў ён.

Мазепін разлічвае, што ўжо да лета 2027 года, да наступнага чэмпіянату ў Будапешце, усе пытанні будуць урэгуляваныя.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!