Фото: facebook.com/elysee.fr
Адбылася тэлефонная размова прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона з Аляксандрам Лукашэнкам. Гутарка прайшла 24 мая па ініцыятыве французскага боку.
Бакі абмеркавалі «рэгіянальныя праблемы і ўзаемаадносіны Беларусі з ЕС і Францыяй у прыватнасці», паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Нагадаем, 21 мая прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў перамовы з Эманюэлем Макронам, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам і канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам у фармаце ЕС — Украіна. Адной з тэм сталі расійскія планы ў дачыненні да Украіны, Беларусі і іншых напрамкаў у Еўропе.
«Асобна праінфармаваў лідараў пра расійскія планы ў дачыненні да Украіны, Беларусі і іншых напрамкаў у Еўропе. Усё, што датычыцца іх палітычных і ваенных намераў, адсочваем. Нашы разведвальныя каманды больш падрабязна абмяняюцца наяўнай інфармацыяй. Абмеркавалі і камунікацыю з амерыканскім бокам. Робім усё, каб настаў сапраўдны мір», — распавёў украінскі лідар.
Пасля сённяшняй масіраванай атакі Расіі па Украіне Зяленскі таксама размаўляў з Макронам і прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Сторэ.
«Сёння адбудуцца яшчэ перамовы з нашымі партнёрамі. Дзякуй усім, хто не маўчыць пра тое, што робіць Расія. Яны ваююць толькі супраць нашых людзей, супраць нашай памяці, гісторыі, супраць усяго, што фармуе нармальнае чалавечае жыццё. Важна, каб Расія разумела, што за ўсе гэтыя злачынствы яны будуць несці адказнасць», — падкрэсліў ён.