Магілёўца асудзілі на 15,5 года за спробу забойства жанчыны

Магілёўскі абласны суд прызнаў вінаватым у замаху на забойства жанчыны 45-гадовага магілёўца. Яму таксама інкрымініравалі пабоі ў дачыненні да маці пацярпелай.

Як распавялі ў пракуратуры, у жніўні мінулага года абвінавачаны ледзь не забіў сваю 30-гадовую сажыцельку падчас сваркі на глебе рэўнасці. Ён быў п’яны.

“Мужчына праяўляў некантраляваную агрэсію, прычыняў ёй асаблівыя пакуты і мучэнні: жорстка і моцна збіваў, душыў, цягаў па кватэры за валасы, спрабаваў засунуць яе галаву ва ўнітаз, а затым абліваў вадой, сілай забіваў рот жанчыны вадкімі шпалерамі, змазваў імі твар і галаву ахвяры, не даваў ёй дыхаць, а таксама разбіў керамічную кружку аб яе галаву.

Пасля чаго, выкарыстоўваючы фізічную перавагу, агрэсар зламаў волю пацярпелай да супраціву і скінуў яе з балкона 2 паверха шматкватэрнага дома.

Пераследуючы мэту пазбаўлення жыцця сажыцелькі, абвінавачаны не спыніўся і перад умяшаннем яе маці. Калі жанчына паспрабавала дапамагчы дачцэ і адцягнуць абвінавачанага, ён ужыў да яе фізічны гвалт.

Пераканаўшыся, што пацярпелая пасля падзення выжыла, мужчына распачаў другую спробу скінуць яе з балкона. Ён выбег на вуліцу, схапіў збітую жанчыну за валасы і сілай пацягнуў у кватэру, дзе працягнуў збіваць і зноў паспрабаваў скінуць яе з вышыні”, – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Агрэсара спынілі суседзі, якім удалося пранікнуць у кватэру.

Мужчыну прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго, да яго прыменена прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму. Таксама задаволены іск пацярпелай і яе маці аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 21 тыс. рублёў.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!