Лукашэнку не спадабаўся раздзьмуты штат хакейнага “Дынама”

Штат хакейнага клуба “Дынама” раздзьмуты. Пра гэта на сённяшняй нарадзе заявіў Аляксандр Лукашэнка, спасылаючыся на матэрыялы праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю.

“Патрэбны вынік. Няма выніку — няма руху, няма працы, і нічога вы не дакажаце. Але Камітэт дзяржаўнага кантролю, на жаль, замест Балабы і Кубракова быў вымушаны заняцца і паглядзець, а колькі ж там людзей, а чым яны займаюцца? А як?

А мы плачам усе, што ў нас не хапае на вытворчасці людзей: рабочых там, сялян і гэтак далей. Дзе ж не будзе хапаць, калі ў вас 200 чалавек прыцягвалася на працягу сезона, 182 ці колькі па памяці да працы ў камандзе і штатных колькі — 65 ці 45″, — сказаў ён.

“56”, — падказалі яму.

“56! Вы што, звар’яцелі? 56 чалавек. Навошта? Ну, фінансы, прэс-сакратар. Песню трэба было вывучыць і іншае. Дык вы выкарыстоўвайце тое, што ў нас у краіне ўжо ёсць. Пайдзіце да Наталлі Уладзіміраўны, яна ў хакей гуляць не будзе і не ўмее, і ёй не трэба. Яна можа даць каманду любому. Той жа Круты ці Вальфовіч, яны любому дадуць каманду, і яны прааналізуюць і дапамогуць, і іншае. І не трэба там трымаць кучу людзей, якія робяць тое, што робяць у нас у краіне іншыя людзі, якіх можна прыцягнуць, і яны нешта зробяць.

Можа, каардынатара нейкага трэба? Ну, такі Арцём (Кракоцкі — дырэктар “Дынама” — заўв. ) мог быць. Ён павінен: зняў слухаўку, Дзмітрый Юр’евіч, вы ж тут у нас, сенатар, вялікі чалавек, трэба тое, тое, тое. Не можа арганізаваць міністру. А мы стварылі дублюючыя структуры. Гэта што за бардак у краіне? Людзі павінны працаваць канкрэтна на месцах.

Як мне многія кажуць, я цяпер ужо вымушаны займацца канкрэтнымі штатнымі раскладамі, пачынаючы ад сваёй рэзідэнцыі і іншымі. А вось гэта трэба, тое. Я кажу, хлопцы, не трэба. 8 гадзін кожны павінен адпрацаваць. Ну, 7 гадзін. Прыйшоў, 7 гадзін адпрацаваў — ідзі дадому. І трэба будзе пяць чалавек, а не 65. А ў нас: вось там трэба гэта рабіць. Гэта Кубракоў зробіць у краіне любому за адну хвіліну: і адрэжа, і зарэжа, і пагладзіць. Але вы яго не прыцягнулі. Вы пачалі нейкія паралельныя структуры ствараць? Там людзі, якія не маюць ніякага дачынення да эканомікі, фінансаў і іншага, якія ўжо старэйшыя за мяне па ўзросце, яны там у вас прыстроеныя на працу. Як гэта разумець?

Ну, нарэшце, Баскаў пагадзіўся, не буду называць прозвішчы, што некаторыя ўвогуле, як ён мне ўчора сказаў, ні халеры там не робяць. Год чаму вы гэтага не бачылі, пакуль у камітэт не прыйшоў? Прысядайце. Гэта вось такія дэталі, каб вы разумелі, што я пагружаны ў гэтую праблему і нікому адскочыць не атрымаецца — ад кіраўніка адміністрацыі, віцэ-прэм’ера да трэнера і хакеіста”, — працягнуў Лукашэнка.

Па выніках нарады, як паведаміла віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч, было даручана КДК і МУС праверыць усе спартыўныя клубы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!