VI Всебеларусское народное собрание. 12 февраля 2021 г. Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець на Усебеларускім народным сходзе, які збіраюцца правесці ў канцы года, пытанні рэгіянальнага развіцця. Пра гэта ён заявіў на нарадзе, прысвечанай ініцыятыве “Адзін раён – адзін праект”.
“Сёння абмяркуем пытанне стратэгічнай задачы ў сферы рэгіянальнага развіцця – ініцыятывы “Адзін раён – адзін праект”. Гэта можна разглядаць як нейкае фінішнае мерапрыемства пасля нашых з вамі камандзіровак на паўднёвы ўсход Магілёўшчыны і поўдзень нашай Беларусі, Гомельскую і Брэсцкую вобласці”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, у гэтых рэгіёнах ёсць асобныя праграмы.
“Натуральна, што там ёсць і існуюць праграмы, больш глабальныя праграмы па развіцці Прыпяцкага Палесся, паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны. Мы закраналі таксама тэму меліярацыі, уцягвання сельгасзямель у новы абарот і іншых сур’ёзных мерапрыемстваў. Гаварылі пра Віцебшчыну, пра тое, што трэба зрабіць, каб даць штуршок развіццю гэтага рэгіёна, у тым ліку нашага паўночнага рэгіёна», – працягнуў ён.
Лукашэнка дадаў, што думае над тым, каб вынесці на УНС пытанні рэгіянальнага развіцця.
“Я думаю над тым, каб на Усебеларускім народным сходзе ў канцы года, дзе мы традыцыйна будзем слухаць даклад прэм’ер-міністра, вынесці на абмеркаванне як ключавыя моманты гэтыя тэмы. Гэта важна для людзей, і трэба, каб на самым высокім прадстаўнічым органе гэтыя тэмы былі не проста абазначаны, а сур’ёзна прагучалі”, – сказаў ён.
Нагадаем, пасля змены Канстытуцыі Усебеларускі народны сход павінен праводзіцца не радзей аднаго разу ў год. У 2024 годзе на УНС зацвярджалі ваенную дактрыну і канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. У мінулым годзе асноўным пытаннем УНС стала зацвярджэнне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады, а таксама быў абноўлены склад Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў.