Фото: pixabay
Аляксандр Лукашэнка выношвае планы распрацоўкі радовішчаў нафты ў Кеніі. Пра гэта ён заявіў на сённяшнім пасяджэнні Савета бяспекі, разважаючы пра адносіны Беларусі з краінамі-суседзямі. Ён запатрабаваў ад Літвы сесці за стол перамоваў, не прыцягваючы да іх ні амерыканцаў, ні ўкраінцаў, ні рускіх. Лукашэнка падкрэсліў, што спробы ціснуць на яго не спрацуюць, бо, паводле яго меркавання, ён перабудаваў эканоміку, і цяпер яго з распасцёртымі абдымкамі чакаюць амаль ва ўсім свеце.
“Яны абралі гэты шлях і думаюць, што прыедуць тут амерыканцы, на мяне націснуць (ці яшчэ нейкія еўрапейцы). Слухайце, мы цалкам перабудаваліся. І калі мы будзем шавяліцца, больш актыўна працаваць у эканоміцы, пачынаючы ад Віцебскай вобласці і заканчваючы Гомельскай вобласцю, у нас наогул не будзе праблем. Нас чакаюць ва многіх кутках планеты з нашымі тэхналогіямі, нашымі таварамі. Таму калі мы крыху якасць падцягнем (хоць нам ніхто не выстаўляе прэтэнзій па якасці, але ўсё роўна над якасцю трэба працаваць), нам канкурэнтаў не будзе”, — сказаў ён.
Пасля гэтага Лукашэнка ўзгадаў пра сённяшнюю сустрэчу са старшынёй Сената Кеніі Амазонам Джэффа Кінгі. У гэты момант ён і ўзгадаў пра радовішчы нафты.
“Мы ў тую ж Афрыку ідзём для таго, каб дапамагчы ім тэхналогіямі. Пад гэтыя тэхналогіі ў нас ёсць адпаведная тэхніка. Мы — машынабудаўнічая краіна, развіта сельская гаспадарка. У той жа Кеніі сёння гатовыя распрацоўваць радовішчы нафты. Мы гатовыя падключыцца. У нас ёсць спецыялісты, якія ўмеюць гэта рабіць. Таму мы з дабром заўсёды ідзём. Не кажучы пра нашых суседзяў.
І калі мы кудысьці едзем, з кімсьці вядзём перамовы, то гэта не нацэлена супраць трэціх краін”, — адзначыў ён.
Лукашэнка таксама адзначыў, што нібыта Захад “душыць” замежных партнёраў, а ён, наадварот, прапануе “руку дружбы і супрацоўніцтва”.
“Дзяржавы, людзі, улады гэта цудоўна разумеюць і гатовыя з намі выбудоўваць добрыя адносіны”, — сказаў ён.