Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка хоча, каб супрацоўніцтва з Кеніяй было аператыўным і па сваіх маштабах дасягнула ўзроўню Зімбабвэ і некаторых іншых краін Афрыкі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы са спікерам Сената Кеніі Амазонам Джэффа Кінгі.
“Добра, што вы прыехалі. Народная дыпламатыя на самым высокім узроўні мае заўсёды вялікае значэнне”, — адзначыў Лукашэнка.
Ён успомніў пра сваё кароткае наведванне Кеніі ў снежні 2023 года. Тады ён сустрэўся з прэзідэнтам краіны Уільямам Руто.
“Я вельмі добра памятаю свой візіт у Кенію. Перадайце самыя добрыя пажаданні прэзідэнту Кеніі. Як мне падалося, гэта вельмі добры і прыстойны чалавек. Няхай гэта быў кароткі візіт, але я памятаю нават дэталі”, — сказаў ён.
Лукашэнка прапанаваў, каб краіны дзейнічалі актыўна і падпісалі дарожную мапу супрацоўніцтва, праект якой знаходзіцца ў кенійскага боку.
“Нам трэба на падставе гэтай дарожнай мапы распрацаваць адпаведны план нашых дзеянняў. То-бок актуалізаваць дарожную мапу з улікам патрэбаў дзвюх дзяржаў. Калі ёсць план, ёсць адказныя людзі за рэалізацыю тых або іншых пунктаў, напрамкаў, тады будзе і вынік.
Словам, мы вельмі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з вашай краінай. Вопыт ужо ёсць. Думаю, што з Кеніяй, калі ёсць добрыя прыклады, мы будзем супрацоўнічаць гэтак жа аператыўна і хутка, як з Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеяй, Нігерыяй, Алжырам, Егіптам і гэтак далей. Словам, мы адкрытыя для вашай краіны”, — сказаў ён.
Лукашэнка назваў Кенію фарпостам для ўваходу на Усход Афрыкі.
“Гэта своеасаблівы фарпост для любой краіны пры ўваходзе на Афрыканскі кантынент”, — сказаў ён.
У супрацоўніцтве ён прапануе зрабіць акцэнт на сельскай гаспадарцы.
“Мы маем магчымасць і адпаведныя тэхналогіі для таго, каб рухацца наперад. Мы гатовыя вам дапамагаць у станаўленні новых напрамкаў у сельскай гаспадарцы. Мы гатовыя дапамагаць вам спецыялістамі, пастаўляць адпаведную тэхніку. Вельмі важна, каб вы, не спяшаючыся, паглядзелі на нашы магчымасці”, — сказаў ён.
Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, аб’ём узаемнага гандлю ў апошнія гады знаходзіцца ў межах 7,2–13,6 млн долараў. У 2020 годзе ён складаў 40,6 млн долараў. У мінулым годзе тавараабарот вырас на 40% да 13,6 млн долараў.
Такія ж лічбы ўзаемны гандаль паказаў па выніках 10 месяцаў гэтага года. Беларусь імпартуе з Кеніі значна больш, чым экспартуе. З гэтай афрыканскай краіны завозяцца зрэзаныя кветкі, садавіна, насенне для пасеву. Сярод тавараў, якія Беларусь пастаўляе ў Кенію, — зерне збожжавых, прылады на вадкіх крышталях і лазеры.