Фото: пресс-служба Лукашенко.
Аляксандр Лукашэнка баіцца, што пасля заканчэння расійска-ўкраінскай вайны яму “лягчэй не стане”. Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі, паведамляе яго прэс-служба.
“Вы бачыце, якія сілы спрабуюць тарпедаваць, нават амерыканскія прапановы спрабуюць тарпедаваць па мірнай дамове з Украінай. Я да таго, што калі нават удасца ўстанавіць мір сёння або заўтра ва Украіне, нам ад гэтага лягчэй не стане. Нас будуць душыць і далей. І асабліва вось гэтыя дзяржавы… Не хачу іх абражаць, каб не пакрыўдзіць народ, які ў нас не на поўначы або паўночным захадзе”, — зрабіў прагноз Лукашэнка.
Паводле яго версіі, ад яго “чагосьці” патрабуюць суседнія Польшча, Літва і Украіна. Пры гэтым ён зноў паўтарыў прапагандысцкі наратыў пра нібыта створаныя ў суседніх краінах узброеныя фарміраванні, якія нацэлены на звяржэнне яго ўлады.
“Яны ад нас чаго-небудзь патрабуюць. А калі б мы ў Беларусі стваралі альтэрнатыўныя ўрады і падтрымлівалі «змагароў за незалежнасць». Яны там ствараюць баявыя атрады, яны іх узбройваюць. Памятаеце — харугвы. Яны нікуды не дзеліся. І цэлыя палкі, як яны называюць. Гэта што, жарт? І яны яшчэ нам нейкія прэтэнзіі выстаўляюць. Ну, утрымліваюць яны іх — няхай утрымліваюць. Калі ў іх ёсць грошы. Але калі гэта накіравана супраць нашай краіны, мы як на гэта павінны рэагаваць?” — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён вітае перамовы па заканчэнні расійска-ўкраінскай вайны.
“Як бы тут ні спрабавалі прынізіць ролю Трампа, ён малайчына ў гэтым плане. Учорашнія яго заявы міма народа не пройдуць. Ён хоча спыніць вайну, як ён кажа, для таго, каб не гінулі людзі. Можна вакол гэтага круціцца і гаварыць што заўгодна. Але што скажаш супраць таго, што робяць сёння амерыканцы?” — заявіў Лукашэнка.