Владимир Путин. Фото: kremlin.ru
Уладзімір Пуцін заявіў, што комплекс «Арэшнік» паставяць на баявое дзяжурства да канца года. Гэта прагучала падчас яго сённяшняга выступлення на пашыраным пасяджэнні калегіі Міністэрства абароны РФ.
«Прайшлі паспяховыя выпрабаванні стратэгічнай крылатай ракеты неабмежаванай далёкасці “Буревестник” і беспілотнага падводнага апарата “Посейдон”. Дзякуючы выкарыстанню ядзернай энергетычнай устаноўкі гэтыя комплексы яшчэ доўга будуць заставацца ўнікальнымі і адзінымі ў сваім родзе, забяспечаць стратэгічны парытэт, бяспеку і глабальныя пазіцыі Расіі на дзесяцігоддзі наперад. Мы яшчэ будзем працаваць над гэтымі комплексамі, іх дапрацоўваць, удасканальваць, паляпшаць, але яны ўжо ёсць», — сказаў ён.
«Да канца года на баявое дзяжурства будзе пастаўлены ракетны комплекс сярэдняй далёкасці з гіпергукавой ракетай “Арэшнік”. У мінулым лістападзе ўпершыню было праведзена яго баявое прымяненне», — дадаў расійскі кіраўнік.
Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што яму не патрэбныя «Посейдон» і «Буревестник», і пацвярджаў, што «Арэшнік» заступіць на баявое дзяжурства ў снежні і будзе баражыраваць па Беларусі.