У Акадэмію інтэлектуальных тэхналогій будуць набіраць да 150 чалавек штогод

У Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій будзе некалькі спецыяльнасцяў, на якія будуць набіраць 10–15 чалавек, але не больш за 150 слухачоў штогод. Пра гэта расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У рамках акадэміі будуць дзейнічаць тры вышэйшыя школы: прыродазнаўчых навук (матэматыка, фізіка, хімія), інжынерных тэхналогій (новыя матэрыялы, аэракасмічныя даследаванні, фізіка-хімічная інжынерыя), лічбавых тэхналогій (штучны інтэлект, лічбавыя фінансавыя тэхналогіі).

Тыя, хто навучаюцца, з самага пачатку будуць замацаваныя за канкрэтнымі кампаніямі.

«Больш за тое, мы нацэлены на тое, што гэтыя маладзёны на выхадзе змогуць ствараць свае малыя прадпрыемствы, свае кампаніі. Такім чынам, мы будзем забяспечваць не толькі кадравую падтрымку такімі высокакваліфікаванымі спецыялістамі ўжо дзеючых прадпрыемстваў, але і будзем ствараць новыя малыя кампаніі, свайго роду спадарожнікі, вакол тых буйных прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць у нашай краіне.

Вядома, дзяржава будзе ўкладваць вялікія фінансавыя і інтэлектуальныя рэсурсы ў падрыхтоўку гэтых спецыялістаў і мае права разлічваць на тое, што яны будуць працаваць у нас. Мінімум пяцігадовы тэрмін, кантракт для выпускнікоў павінен быць не толькі гарантаваным працоўным месцам, але і добрым стартам для рэалізацыі атрыманых ведаў і навыкаў», — расказаў Іванец.

Мяркуецца, што ў Акадэмію пасля адбору змогуць паступіць выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, асобныя ўмовы будуць прадугледжаныя для выпускнікоў каледжаў і студэнтаў, якія ўжо навучаюцца па сумежных напрамках у іншых універсітэтах краіны.

Замест звыклай абароны дыпломаў выпускнікам акадэміі трэба будзе абараніць тэхналагічны стартап-праект, дзе будуць пацверджаныя і абгрунтаваныя кампетэнцыі па атрыманай спецыяльнасці.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!