Лукашэнка: украінскі беспілотнік упаў у Беларусі і параніў жанчыну

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на тэрыторыі Беларусі днямі ўпаў украінскі беспілотнік. Раненні атрымала жанчына. Дзе менавіта гэта адбылося, Лукашэнка не ўдакладніў.

Паводле яго слоў, такі выпадак адбыўся не ўпершыню.

«Больш за тое, учора ці пазаўчора беспілотнік упаў — параніла нашу жанчыну. Пачалі разбірацца — украінскі. Вы чулі, каб я выў, крычаў, вішчаў: “Такія-сякія!”? Хаця меў на гэта права. І гэта не ў першы раз», — заявіў Лукашэнка сёння ў Дрыбінскім раёне.

Ён адзначыў, што Украіна не наносіла ўдар па Беларусі, а дрон упаў з-за працы расійскай РЭБ.

«Пачынаю разбірацца, чаму ўпаў. Украінцы па нас удар не наносілі. Расійская ўстаноўка радыёэлектроннай барацьбы працуе — аглушылі гэты беспілотнік, ён паляцеў не туды, сілкаванне скончылася — некіравана ўпаў. Вайна ідзе побач. Вось так здарылася. Ну так, можам пакрычаць, але што зменіцца? Нічога», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі знаходзяцца некалькі «фальшывых» комплексаў «Арэшнік», прыгразіў апанентам «найжэстачайшай рэакцыяй» у выпадку паўтарэння сцэнару 2020 года і расказаў пра перамовы з ЗША па вызваленні палітвязняў.

Учора камандуючы ВПС і войскамі ППА Андрэй Лук’яновіч заявіў, што з пачатку года ў Беларусі былі збітыя тры беспілотнікі, якія парушылі мяжу. Пра прыналежнасць дронаў ён не паведамляў. Усяго з пачатку года было зафіксавана 107 парушэнняў паветранай прасторы Беларусі і 72 выпадкі парушэння дзяржаўнай мяжы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!