Фото: "Пул Первого"
3 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка праводзіць сустрэчу з расійскім бізнесменам беларускага паходжання Дзмітрыем Мазепіным. На перамовах таксама прысутнічае прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.
Мазепін — былы ўладальнік і генеральны дырэктар «Уралхіма», знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. З 2024 года ўзначальвае Федэрацыю водных відаў спорту Расіі.
Паводле слоў Лукашэнкі, ідэю сустрэчы падаў Турчын.
«Мяне Аляксандр Генрыхавіч (Турчын) увесь час пераконвае ў тым, што пара, кажа, нашага вядомага спартсмена… (задзейнічаць). Я здзівіўся, калі мне вядомы член урада Расіі расказаў, што вы, аказваецца, сур’ёзна займаліся плаваннем з ім. Вы — адзін з кіраўнікоў, вядомых людзей у свеце па водных відах спорту. Думаю, нам трэба гэта выкарыстаць», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што багатыя людзі павінны працаваць на сваю радзіму, і прапанаваў Мазепіну разгледзець варыянты супрацоўніцтва.
«Па-другое, чалавек багаты. І радзіма ж павінна ведаць дзе. …Ну і я ўжо сказаў, што багаты чалавек павінен працаваць на сваю радзіму. Таму мы б хацелі — гэта прапанова нашага прэм’ер-міністра — падумаць пра перспектывы нашага супрацоўніцтва», — заявіў ён.
Лукашэнка таксама пацікавіўся, дзе жыве маці Мазепіна. Той адказаў, што ў Беларусі.
«Яна не павінна нікуды з’язджаць. Таму што, я ведаю, людзі ва ўзросце ніколі Мінск не пакінуць, і Беларусь у тым ліку. Гэта ціхае, спакойнае месца для жыцця», — адзначыў Лукашэнка.