У Мінску будуць судзіць крыптаашуканца

Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аб махлярстве. У крыптаафёрах абвінавачваецца 30-гадовы мужчына.

Паводле версіі абвінавачання, пад выглядам гарантаванага даходу ад інвеставання ў крыптавалютныя праекты мінчанін завалодаў грашыма і крыптавалютай дзевяці грамадзян на агульную суму звыш 1,5 млн рублёў.

Ён быў адміністратарам некалькіх Telegram-чатаў, у якіх дэманстраваў глыбокія веды і кампетэнтнасць у пытаннях крыптавалюты. У выніку яму ўдалося схіліць пацярпелых да інвеставання.

“Маючы шматлікія даўгавыя абавязацельствы, абвінавачаны ўводзіў пацярпелых у зман адносна мэтаў атрымання іх маёмасці, пераконваў іх у высокай даходнасці і надзейнасці зробленых укладанняў. Некаторыя пацярпелыя былі сябрамі і аднакласнікамі абвінавачанага, у сувязі з чым не сумняваліся ў яго словах.

Устаноўлена, што абвінавачаны пакутаваў ад гульнявой залежнасці і ўсе выкрадзеныя грошы траціў у анлайн-казіно”, — расказалі ў пракуратуры.

Мужчына прызнаў сваю віну, але шкоду не кампенсаваў. Ён знаходзіцца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!