Лукашэнка сказаў памежнікам не перакідваць «шарыкі» на тэрыторыю Літвы

Аляксандр Лукашэнка на сённяшнім Усебеларускім народным сходзе даў указанне памежнікам не запускаць паветраныя шары ў Літву, але адразу ж прадставіў гэта як жарт.

На пасяджэнні выступіў намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Максім Бутранец. Каментуючы яго выступленне, Лукашэнка заявіў, што вайсковыя падраздзяленні прыцягваюцца для ўзмацнення аховы не толькі паўднёвых, але і заходніх межаў. У яго каментары прагучалі і словы пра шарыкі.

«Польшча, Украіна, праблемы — памежнікі, найперш, гэта адчуваюць на сабе. На іх каласальная нагрузка. І калі ў войскаў Хрэніна ёсць магчымасць дзесьці перадыхнуць, у іх гэтага няма. Цяпер нагрузка вельмі сур’ёзная, асабліва ў сувязі з гэтымі міграцыйнымі патокамі, хоць я і кажу пра тое, што мы асабліва не пераймаемся гэтым пытаннем і не спрабуем працаваць у інтарэсах Захаду, але тым не менш на памежнікаў нагрузка вельмі сур’ёзная. Нам даводзіцца з гэтым змагацца.

Шарыкі ў Літву паляцелі. Зноў памежнікі то вінаватыя, то недагледзелі. Таму, Максім, я ўжо прашу, вы там з Моластавым (Канстанцін Моластаў, кіраўнік ДПК — заўв. Reform.news) гэтыя шарыкі не перакідвайце на тэрыторыю Літвы. А то і да вайны можам так дайсці. Я зноў жартую, таму што ведаю, што мы гэтым не займаемся. Дзякуй богу, што яны знайшлі то 150, то 200 чалавек у Літве, якія гэтым займаюцца», — сказаў Лукашэнка.

«Дзякуй богу, знайшлі. Ужо кажуць, гатовыя размаўляць на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Ласкава запрашаем. З памежнікамі хочаце пагаварыць — мы ж не забараняем, ты ж кажаш амаль кожны дзень. Але ёсць некаторыя пытанні, іх трэба вырашаць з Рыжанковым, а можа, і з прэм’ерам. Хочаце — і кажыце. Мы адкрытыя для гэтай размовы», — працягнуў ён.

Трэба адзначыць, што пасля нядаўніх перамоваў у Мінску спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл заявіў, што Аляксандр Лукашэнка згадзіўся зрабіць усё, каб спыніць запуск метэазондаў, якія парушаюць паветраную прастору Літвы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!