Лукашэнка разлічвае асабіста паўдзельнічаць у Савеце міру

Аляксандр Лукашэнка мае намер асабіста паўдзельнічаць у працы Савета міру. Пра гэта ён заявіў дзяржсакратару СД Сяргею Глазьеву.

«Мы абавязкова на ўзроўні прэзідэнта будзем удзельнічаць у гэтым Савеце. Абавязкова будзем удзельнічаць. Магчыма, не ў Вашынгтоне, а дзесьці ў Еўропе або на Блізкім Усходзе, магчыма, у Ізраілі, бліжэй тут, у Турцыі, адбудуцца далейшыя пасяджэнні гэтага Савета – мы будзем удзельнічаць у ім.

У нас сцяг адзін – мір. Мы хочам міру. І перш за ўсё там, дзе наш лёс – Украіна», – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

На мінулым тыдні прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што ён не паедзе на пасяджэнне Савета міру 19 лютага, якое адбудзецца ў ЗША. У якасці прычыны быў названы загружаны графік, а таксама лагістычныя цяжкасці, звязаныя з санкцыямі. Беларусь на пасяджэнні будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Сёння Лукашэнка таксама падкрэсліў, што на яго рашэнне не ўплываў Уладзімір Пуцін, з якім ён размаўляў 8 лютага.

Таксама падчас сённяшняй сустрэчы Лукашэнка змагаўся з канспіралогіяй Службы знешняй разведкі Расіі, даваў парады прэзідэнту ЗША Дональду Трампу наконт Венесуэлы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!