Скриншот видео "Воен-ТВ"
Пасля сённяшняй трэніроўкі па баявым ужыванні ядзернай зброі і ядзерным забеспячэнні Аляксандр Лукашэнка расказаў пра развіццё беларускага ракетабудавання на прыкладзе рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Паланэз”.
“Мы ўдасканальваем нашы “Паланэзы”. Хоць зусім нядаўна, нібыта, мы ўзялі іх на ўзбраенне. Вырабілі ў сябе да цяперашняга часу гэтыя комплексы і ўдасканальваем тую ракету, якую мы калісьці стваралі з нашымі сябрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Работы ідуць як з Кітаем, так і з Расіяй”, — заявіў ён.
Паводле яго слоў, у найбліжэйшы час Беларусь плануе выпрабаваць новыя распрацоўкі ў галіне ракетабудавання. Пускі будуць ажыццяўляцца на палігонах “дружалюбных дзяржаў”, паколькі ўласных буйных палігонаў у краіны няма.
“У нас такіх палігонаў няма, таму даводзіцца нам выкарыстоўваць палігоны нашых сяброў”, — сказаў ён.
Лукашэнка таксама спыніўся на ўмовах захоўвання ўзбраенняў, заявіўшы, што расійскія генералы «з зайздрасцю глядзелі» на тое, як Беларусь захоўвае боепрыпасы і пускавыя ўстаноўкі, пастаўленыя з Расіі.
“Былі і расійскія генералы, якія з зайздрасцю глядзелі на тое, як мы захоўваем не толькі боепрыпасы, але і нашы пускавыя ўстаноўкі, якія паступілі да нас з Расійскай Федэрацыі”, — прыводзіць яго словы прэс-служба.