Адказваючы на пытанні дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што шукаў выхады на Дональда Трампа праз сям’ю Кушнераў. Курыраваць кантакты павінен прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Задаць пытанне пра Кушнераў было даручана псэўдаапазіцыянерцы Ганне Канапацкай.
Ідзе гаворка пра Джарэда Кушнера — мужа дачкі Трампа Іванкі Трамп, і яго бацьку — амерыканскага дэвелопера і былога адваката, пазбаўленага ліцэнзіі, Чарльза Кушнера, які цяпер займае пасаду пасла ЗША ў Францыі і Манака. Дзед Джарэда Іосіф (Бэрковіч да жаніцьбы) і бабуля Раіса (Рая) Кушнер перажылі Халакост у горадзе Навагрудак, ажаніліся ў Будапешце ў 1945 годзе і ў 1949 годзе эмігравалі ў ЗША.
Інтрыга з пытаннем пра Кушнераў закруцілася за некалькі дзён да УНС і пасля прыезду амерыканскай дэлегацыі на чале з Джонам Коўлам на перамовы ў Мінск. 16 снежня Ганна Канапацкая, якую рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для стварэння бачнасці апазіцыі ў Беларусі, пахвалілася тым, што яе нечакана запрасілі на УНС. Відавочна, што шанец пабываць на мерапрыемстве ў псэўдаапазіцыянеркі з’явіўся таму, што ёй падрыхтавалі ролю чалавека, які задае “вострыя” пытанні. Гэта не першы раз, калі Канапацкую выкарыстоўваюць у такой ролі.
Канапацкая пачала з пытання пра здароўе і планы ўдзелу ў выбарах у 30-м годзе, а потым вельмі заблытана праз пытанне аб “рэпатрыяцыі асобаў, якія маюць беларускія карані”, усё ж змагла выйсці на прозвішча “Кушнер”. Лукашэнка атрымаў падачу і адразу, быццам імправізуючы, пусціўся ў разважанні.
“Але ўжо калі, калі шчыра, я запрашаў. Я запрашаў праз Аляксандра Генрыхавіча (Турчын, нарадзіўся ў Навагрудку — заўв. reform.news), гэта з яго радзімы. Ён у нас адтуль, дзе Кушнер нарадзіўся. Мы запрашалі пасла Францыі, амерыканца ў Францыі. Гэта бацька Кушнера Чарльз. Мы яго запрашалі. Падтрымліваем з ім адносіны. Ён адгукаецца, размаўляем. Тое самае і з Кушнерам. Ну, яксьці яны… або не дайшоў да іх сігнал. Але пры сустрэчы з Трампам я абавязкова ад твайго імя (Канапацкай — заўв. reform.news) яму гэта напомню. Але апошні раз, калі ўжо шчыра, я Джону Коулу сказаў: “Я кажу, Джон, ты перадай Трампу, чаму вы не выкарыстоўваеце самую моцную зброю, якая ў яго ёсць”.
Ён павярнуўся да мяне, глядзіць: “Гэта якую?”. Я кажу: “Меланія Трамп, яна ж наш чалавек. Яна славянка. Са Славеніі”. Яна многае магла б і ва ўкраінскім канфлікце, і ў Беларусі. Трэба яе выкарыстоўваць у гэтым плане. Ён так паглядзеў на мяне, разумнік такі, хмыкнуў. А я сам сабе падумаў: “Госпадзе, як я яе запрашаю, калі ўсё ж жанчына, сімпатычная жанчына”. З рэўнасці Трамп можа ўвогуле разарваць з намі любыя перамовы і адносіны. Але я ім прапанаваў, і прычым сур’ёзна прапанаваў, каб Меланія больш удзельнічала ў вырашэнні палітычных пытанняў. Думаю, для Трампа гэта было б няблага.
Так, я пра Кушнера да чаго кажу. Не толькі, кажу, Кушнера прыцягваць да вырашэння — у Газе ён там удзельнічаў у вырашэнні пытанняў, ва ўкраінскім канфлікце. Ну і нямала ж зрабіў, шчыра кажучы. Я кажу, не толькі Кушнера, але і Меланію трэба прыцягваць. Думаю, што я гэтым не перакрэсліў сваё першапачатковае запрашэнне Кушнеру прыехаць у Беларусь і пабываць на радзіме продкаў. А потым Аляксандру Генрыхавічу кажу: “Ну слухай, ну ты ж адтуль. Можа, ты ведаў гэтага Кушнера?” Не. Але, тым не менш, давай папросім… Я не меў на ўвазе, што ён быў з ім знаёмы, але, тым не менш, ён пра гэта ведае больш, чым я. Ён там працаваў, ён ведае больш. Ну, я падключыў прэм’ер-міністра да гэтага”, — распавёў Лукашэнка.
Далей ён паспрабаваў вывесці думку пра тое, што хоць сям’я Кушнераў — яўрэі, але гэта ўжо амерыканцы, таму, паводле версіі беларускага кіраўніка, больш прагматычныя і іх цікавяць грошы.
“Але памятаць мы павінны тое, што ніякія Кушнеры нашых пытанняў не вырашаць. Гэта ўжо амерыканцы. Гэта прагматычны народ. Калі няма эканамічнай і грашовай зацікаўленасці, ну ніяк нельга з імі размаўляць. Таму нам трэба арыентавацца на сваё. Ну а калі ўжо Джарэд Кушнер чымсьці дапаможа. Дзякуй ім”, — з пэўнай прыкрасцю прагаварыў Лукашэнка.
Завяршыў Лукашэнка адказ на пытанне ці то жартам, ці то сур’ёзна. Ён прапанаваў Ганне Канапацкай разам з Турчыным удзельнічаць у наладжванні адносін з сям’ёй Кушнераў.
Варта адзначыць, што на тым самым выступленні Лукашэнка прызнаўся, што прапанаваў амерыканцам купіць Нежынскі ГАК.