Лукашэнка ўпэўнены ў пашырэнні дзелавых і гуманітарных кантактаў з Харватыяй

Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Харватыі з Днём дзяржаўнасці, традыцыйна не згадаўшы кіраўніцтва «недружалюбнай» краіны.

«Гэта важнае для кожнага жыхара краіны свята з’яўляецца сімвалам яе незалежнасці і нацыянальнага адзінства», — прыводзіць яго словы прэс-служба.

Паводле яго слоў, паміж беларусамі і харватамі гістарычна склаліся і захоўваюцца «сяброўскія, добразычлівыя адносіны».

«Упэўнены, што рух наперад па шляху канструктыўнага развіцця двухбаковых сувязяў адпавядае карэнным інтарэсам народаў Беларусі і Харватыі. Перакананы, узаемадзеянне дзелавых колаў, культурны абмен і гуманітарныя кантакты будуць пашырацца і спрыяць дасягненню плённых вынікаў на карысць Мінска і Заграба», — заявіў ён.

Лукашэнка пажадаў жыхарам Харватыі «бязмежнага шчасця, мірнай будучыні і далейшага прагрэсу».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!