Гукі беларускай тайгі: музыка Антон Анішчанка выпускае эмбіент-альбом, запісаны ў паўночным заказніку

17 ліпеня 2026 года беларускі эксперыментальны музыка і даследчык Антон Анішчанка выпускае новы праект «Hłybokaje / Čarbamysła». Гэта альбом імерсіўных палявых запісаў, створаны ў дзікіх лясах на самай поўначы Беларусі. Рэліз пабачыць свет на лэйбле Shatkavalka.

Птушыны хор і экалагічнае «паляванне»

Праект запісваўся ў сярэдзіне чэрвеня 2023 года на тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Глыбокае — Вялікае Астравіта» (Полацкі раён) і каля возера Чарбамысла. Гэты рэгіён геаграфічна адносіцца да зоны паўднёвай тайгі: маляўнічы і адасоблены куток краіны з глухімі хваёвымі лясамі, верхавымі балотамі і найчыстымі азёрамі гляцыяльнага паходжання. Музыка правёў там два дні і ноч, каб зафіксаваць гукавы ландшафт у самы разгар перыяду гнездавання птушак. Сам аўтар параўноўвае гэты працэс з «рыбалкай, толькі бясконца больш экалагічнай».

Альбом складаецца з 8 трэкаў, дзе гучаць галасы больш як 30 відаў птушак (ад звычайных зязюль да рэдкіх чорнаваллёвых гагар), а таксама жаб і насякомых. Унікальнае прыроднае шматгалоссе дапаўняецца мяккім гукам вады — цурчаннем балот, ручаёў і азёрных хваляў. Праверыць і дакладна ідэнтыфікаваць усе галасы аўтару дапамог сябар — арнітолаг Віталь Кашчэеў.

Вокладка альбома.

Нямецкае выданне Taz, якое звярнула ўвагу на рэліз, згадвае мілы кур’ёз са стварэння альбома. Падчас праслухоўвання запісаў музыка і арнітолаг доўга не маглі распазнаць адзін таямнічы нізкі гук — думалі, што гэта нейкі рэдкі звярок. Загадку разгадала жонка Антона: аказалася, што ў гукавую прастору выпадкова патрапіў храп самога запісчыка, які заснуў каля мікрафонаў.

Ад этнаэмбіенту да мінімалізму

Гэта не першы зварот музыкі да працы з архівамі і прыродным гукам.

Знакавай старонкай у творчасці Антона стала супраца з этнографкай і спявачкай Ганнай Сілівончык у межах супольнага этна-эмбіент праекта Parus. Іх дэбютны медытатыўны лонгплэй «Zara» (2024) быў спробай перадаць унікальны «гукавы космас» беларускай прасторы і таго, як гучыць дом улетку. У гэтым запісе прыродная фонасфера з цвырканнем цыкад, шоргатам травы і трэскам вогнішча (запісанымі Антонам у беларускіх вёсках, балотах і нацпарках) сустракалася з аўтэнтычным спевам Ганны, якая збірала беларускія песні ў экспедыцыях.

Наступны альбом «Krope» (2025) ужо быў створаны музыкай ужо ў суаўтарстве з этнографкай Ірынай Васільевай, і прысвечаўся захаванню традыцыйнага спеву: архіўныя запісы беларускіх народных песень з розных рэгіёнаў спалучаліся ў ім з гучаннем аналагавых сінтэзатараў.

Новая ж праца «Hłybokaje / Čarbamysła» робіць крок у бок абсалютнага мінімалізму і цалкам засяроджваецца на гуках некранутай прыроды.

Фота: bandcamp.com.

Унікальны арт-бук і вінтажная касета ў саматканым ільне

Акрамя лічбавага рэлізу на Bandcamp, «Hłybokaje / Čarbamysła» атрымае вельмі прыгожае фізічнае ўвасабленне, якое з’яўляецца самастойным мастацкім аб’ектам і стварае прамую тактыльную сувязь з дзікай прыродай Поўначы.

Яго аснова — унікальны, сшыты ўручную арт-бук. Кніга надрукаваная на далікатнай напаўпразрыстай японскай паперы Kozo, якая была абрана за сваю трываласць і асаблівую валакністую тэкстуру. Пад вокладкай хаваецца візуальны дзённік з чорна-белымі аналагавымі фотаздымкамі таёжных краявідаў, зробленымі самім Антонам, а таксама куратарскія тэксты і маніфест аўтара. Гэтая кніга існуе на стыку мастацтва і навукі: усе матэрыялы прадубляваныя на дзвюх мовах, а для кожнага трэка пазначаны дакладныя каардынаты GPS, час запісу і лацінскія назвы сустрэтых птушак.

У камплект да кнігі ўваходзіць вінтажная аўдыёкасета тыпу New Old Stock (NOS) — выкарыстанне чыстых стужак мінулых эпох гарантуе кожнай копіі альбома аналагавае гучанне. Завяршае гэты калекцыйны вобраз адмысловы канверт, пашыты ўручную з аўтэнтычнага беларускага саматканага ільну, у які клапатліва змешчаны і кніга, і касета.

Над праектам працавала вялікая каманда беларускіх творцаў. За дызайн адказваў Канстанцін Чыжонак, за вёрстку — Лізавета Курачкіна, а эсэ для кнігі напісалі Ганна Саснавік і Настасся Васілевіч.

Прэ-ордэр альбома ўжо адкрыты на Bandcamp. Прама зараз для праслухоўвання даступныя два трэкі: «Chiffchaff» (Цянькоўка) і «Black throated loon» (Чорнаваллёвая гагара).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!