Фото: vsat.lrv.lt
Літоўскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Афганістана, які прад’явіў для кантролю падроблены пашпарт з беларускай візай.
Пасажырскі аўтобус з беларускімі нумарамі ехаў з Літвы ў Беларусь праз пункт пропуску «Мядзінінкай». Пашпарт аднаго з пасажыраў, 31-гадовага афганца, падаўся літоўскім памежнікам падазроным.
Мужчыну высадзілі з аўтобуса. Пасля вывучэння дакумента памежнікі прыйшлі да высновы, што пашпарт быў падробленым. Афганец сцвярджаў, што атрымаў пашпарт у Афганістане. Ён заявіў, што мае партугальскі від на жыхарства і едзе ў Беларусь з турыстычнай мэтай. У пашпарце стаяла дзейная беларуская віза.
Іншаземца затрымалі і змясцілі пад варту. Паводле факта выкарыстання падробленага дакумента распачата дасудовае расследаванне, паведамляе Памежная служба Літвы.