Скриншот видео
Аляксандр Лукашэнка нагадаў ураду пра аварыю на цеплатрасе ў Мінску, з-за якой частка дамоў засталася без ацяплення, і паабяцаў «паставіць да сценкі» віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча, калі падобнае паўторыцца.
Лукашэнка запатрабаваў мадэрнізаваць цеплатрасы і электрычныя сеткі і нагадаў пра сваё патрабаванне панізіць тэмпературу ў жылых дамах да 18-20 градусаў.
«Займіцеся мадэрнізацыяй цеплавых і электрычных сетак, каб сітуацыя з прарывам цеплатрасы, як у Мінску, не паўтарылася і не давялося разгрэбваць усе наступствы ў мароз. Я вось не ведаю, пасля гэтага прарыву цеплатрасы ў Мінску ў мяне была сур’ёзная размова. І не дай бог вам, калі б мы запісалі, вам далі паслухаць, вы б жахнуліся. І з прэм’ер-міністрам, і з віцэ-прэм’ерам Каранкевічам.
Памятаеце, калі я казаў, павысілі ціск, каб падняць тэмпературу да 25 градусаў у пакоі. Хлопцы, вы што? Жудасны мароз, -30. Але калі будзе ў гэты час у вас 18-20 градусаў, вытрымаеце? У мяне так. Я вытрымліваю. Не, дзікі ціск. Трубы не вытрымалі, усё парвалася. Ну, я Каранкевічу, прабачце, што паўтару, я сказаў: «Яшчэ адзін такі прарыў — і да сценкі станеш. Ці ты закрыў рот сродкам масавай інфармацыі, ці прарываў больш няма?» — пацікавіўся Лукашэнка.
Каранкевіч адказаў, што прарываў больш не было.
«Няма прарываў. Ну, такіх няма, я ўпэўнены. Мне б ужо МНС далажыла. Ну, хлопцы, ну няўжо я гэтым павінен займацца? Вось жа спецыялісты гэта разумеюць», — заявіў Лукашэнка падчас справаздачы ўрада аб працы эканомікі 17 лютага.
Аварыя на цеплатрасе ў Мінску адбылася 19 студзеня. Цеплазабеспячэнне было парушана ў Фрунзенскім, Маскоўскім, Цэнтральным, Савецкім і Кастрычніцкім раёнах. Пасля гэтага Лукашэнка запатрабаваў знізіць тэмпературу цепланосьбіта, каб у дамах было 20 градусаў цяпла.