Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка зноў прыгразіў разборкамі і пасадкамі. На гэты раз яго гнеў выклікалі супрацоўнікі аграрных прадпрыемстваў, якія няправільна захоўваюць угнаенні.
Падчас візіту ў Магілёўскую вобласць 14 красавіка Лукашэнка заявіў, што калі на знешніх рынках былі высокія цэны на мінеральныя ўгнаенні, ён даручыў вытворцам прадаваць прадукцыю беларускаму АПК па даступнай цане.
Лукашэнка нагадаў, як паставіў умову для аграрыяў правільна захоўваць угнаенні, але факты бесгаспадарчасці былі выяўлены. Ён абвінаваціў аграрыяў у тым, што яны сапсавалі ўгнаенні, а дзяржава з-за іх страціла даход.
«Як я на гэта павінен рэагаваць? Я “забраў” грошы ў вытворцаў, у бюджэце “забраў” грошы — мы недаатрымалі, маглі прадаць у пяць разоў даражэй, валюту атрымаць — аддаў вам, а вы загубілі!» — абурыўся Лукашэнка.
Лукашэнка запатрабаваў ад старшыні КДК Васіля Герасімава разабрацца і пасадзіць вінаватых.
«Васіль Мікалаевіч, па ўсёй краіне разбярыцеся і пасадзіце. Хопіць з імі жартаваць», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.