Лукашэнка паабяцаў ваенным яшчэ адну праверку і экзамен

Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй цырымоніі ўручэння ўзнагарод і пагонаў, прымеркаванай да 23 лютага, паабяцаў ваенным яшчэ адну праверку і экзамен.

“Сітуацыя няпростая. Вы гэта адчуваеце. Я — тым больш, атрымліваючы шырокую інфармацыю пра сітуацыю вакол нашай краіны. Гэтым прадыктавана і маё найжорсткае патрабаванне да павышэння бяспекі і абароны нашай Радзімы. Я хачу, каб вы разумелі, што ў бліжэйшы час усе людзі ў пагонах будуць правераны і здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць. У нас дастаткова для гэтага сіл і сродкаў. Прашу гэта ўспрымаць як належнае”, — сказаў ён.

Нагадаем, зараз у войсках праходзяць адразу дзве праверкі. Адну ініцыяваў Лукашэнка ў абыход Мінабароны, другую па сваім плане праводзіць міністэрства. Пра экзамен на фізпадрыхтоўку Лукашэнка ўжо выказваўся падчас наведвання палігона, дзе яму было дакладзена пра ход ініцыяванай ім праверкі.

Паводле слоў Лукашэнкі, вайна ва Украіне выявіла пэўныя недахопы. Ён не хоча, каб яны былі ўласцівыя і беларускай арміі.

“Я не хачу, каб гэтыя недахопы былі ўласцівыя нашай арміі. Асаблівае стаўленне і патрабаванне — да афіцэраў”, — сказаў ён.

“Я зямны чалавек, нямала праслужыўшы ў арміі, і разумею: у нас людзі розныя, новае пакаленне — ведаеце, якое яно. І ведаеце добра якасць тых людзей, якія прыходзяць ва Узброеныя Сілы. Так будзе і на вайне. Так ёсць на тым фронце побач з намі. Людзі вельмі розныя. Але той, хто ўмее, хто фізічна моцны (пра гэта нас папярэджвалі тыя, хто ваяваў ва Украіне), — яны будуць жыць. Той, хто шалтай-балтай, у тым ліку і афіцэры, — яны загінуць у бліжэйшыя гадзіны. Таму фізічная падрыхтоўка і тая зброя, якая вам будзе ўручана, — галоўнае для захавання вашага жыцця, а роўна і нашай краіны”, — працягнуў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ён нутром адчувае недапрацоўкі ў падрыхтоўцы афіцэраў.

“Вы павінны асвоіць гэтую зброю. І гэта ўсё залежыць ад вас — афіцэраў. Як я сказаў, людзі розныя. Хтосьці будзе добра ўмець валодаць зброяй і фізічна падрыхтаваны. Хтосьці не вельмі. Але калі падрыхтаваны афіцэр — узвод, рота, батальён, дывізія, брыгада заўсёды выканаюць у цэлым пастаўленую перад імі задачу. Разумееце, пра што ідзе гаворка. Таму нам трэба найсур’ёзнейшую ўвагу звярнуць на падрыхтоўку афіцэраў. Адчуваю нутром, што мы недапрацоўваем менавіта там. Таму дзесьці ў нас, мы гэта бачым у праверцы, касякі сярод тых, каго мы правяраем. Але пра гэта мы яшчэ пагаворым”, — сказаў ён.

Трэба адзначыць, што ў ліпені мінулага года Савет бяспекі па даручэнні Лукашэнкі ўжо праводзіў праверку фізпадрыхтоўкі вышэйшага афіцэрскага складу. Яе праходзілі генералы і палкоўнікі, якія займаюць генеральскія пасады, з 11 сілавых ведамстваў. Тады дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч паведаміў, што 70% ацэнак былі выдатнымі, а 30% — добрымі. Нездавальняючых або здавальняючых ацэнак не было. Генералы здавалі бег на 500 метраў, плаванне на 100 метраў, а таксама падцягванні і выконвалі комплекснае сілавое практыкаванне.

Сёння ў Лукашэнкі для ваенных знайшоўся не толькі кнут, але і пернік. Ён паабяцаў ім вырашыць кватэрнае пытанне.

“Хачу вас вельмі папрасіць, каб ні ў якім разе нават на імгненне мы не падвялі наш беларускі народ. Вы ведаеце, што ў няпростых умовах, у складанай сітуацыі мы вырашаем найперш надзённыя пытанні, якія вы калісьці паставілі перад мной, — забеспячэнне вашых тылаў, вашых сем’яў. І перш за ўсё — кватэрнае пытанне. Гэта велізарныя грошы. І на працягу бліжэйшых пары гадоў мы поўнасцю вырашым гэтае пытанне. Людзі гэта бачаць. І я не памятаю выпадку, каб хтосьці з нашых людзей сказаў, што мы дзейнічаем няправільна, забяспечваючы нашых ваенных, усіх людзей у пагонах жыллём.
Яшчэ раз падкрэсліваю, людзі ацэньваюць гэта правільна, але вельмі на нас разлічваюць. І мы іх ні ў якім разе не павінны падвесці”, — сказаў ён.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!