Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным уступленне Беларусі ў вайну паміж Расіяй і Украінай і вядзенне баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія».
На просьбу пракаментаваць заявы Украіны пра планы Расіі пачаць новае наступленне на Украіну з тэрыторыі Беларусі Лукашэнка сказаў, што гэтае пытанне абмяркоўвалася з Уладзімірам Пуціным.
«Мы шмат разоў казалі пра тое, што абсалютна недапушчальна, каб вайна Украіны з Расіяй перакінулася на тэрыторыю Беларусі. Па розных прычынах. Мы з Пуціным абмяркоўвалі гэтую праблему ў сувязі з тым, што яна заўсёды існавала ў сродках масавай інфармацыі. І я шчыра кажу, даслоўна магу перадаць, што мне сказаў прэзідэнт Расіі: “Мы разумеем, што ўступленне Беларусі ў нейкай якасці ў вайну, у канфлікт — непрымальнае. Ад гэтага будзе больш шкоды, чым карысці”. Вось, калі шчыра адказваць на гэтае пытанне», — заявіў ён.
Лукашэнка назваў тры прычыны супраць уступлення Беларусі ў вайну: уразлівасць Беларусі перад украінскімі войскамі, нежаданне беларусаў гінуць і няздольнасць Расіі і Беларусі абараніць павялічаную лінію фронту.
«Першая. Беларусь (мы гэта разумеем, таму не хочам ваяваць) вельмі ўразлівая ў ваенных адносінах, калі Украіна пачне атакаваць Беларусь гэтак жа, як яна атакуе Расію. Таму што Беларусь для ўкраінскіх вайскоўцаў як на далоні. Мы выдатна разумеем, што нашы асноўныя аб’екты жыццезабеспячэння — вытворчыя і лагістычныя — апынуцца пад ударам. Як яны заявілі, у іх ужо 500 такіх мэт на тэрыторыі Беларусі намечана», — заявіў Лукашэнка.
Другая прычына, на думку Лукашэнкі, у тым, што беларусам не патрэбныя войны: «Мы ўжо нацярпеліся ў гісторыі. Мы разумеем, што загіне нямала нашых вайскоўцаў. За што? Навошта ім гінуць?».
Таксама ў выпадку ўступлення Беларусі ў вайну Расія і Беларусь не змогуць абараніць новую лінію фронту.
«Фронт для Расіі перш за ўсё (натуральна, і для нас), калі б яна атакавала Кіеў з тэрыторыі Беларусі, быў бы павялічаны на 1,5 тыс. кіламетраў беларуска-ўкраінскай мяжы. Мы з расіянамі пры цяперашнім ходзе вайны не зможам забяспечыць абарону гэтага ўчастка», — лічыць Лукашэнка.
Акрамя гэтага, на думку Лукашэнкі, у выпадку ўступлення Беларусі ў вайну НАТА ўвядзе войскі ва Украіну.
«І гэтая вайна набудзе новую якасць. Гэта будзе вайна Беларусі і Расіі супраць блока НАТА. Хоць я не выключаю, што гэта можа быць і без гэтага», — лічыць Лукашэнка.
Ён таксама згадаў гуманітарныя прычыны і заявіў, што атрымаў даклад разведкі пра настроі ў памежных раёнах ва Украіне і Беларусі.
«Учора атрымаў даклад нашай разведкі пра настроі па той бок украінскай мяжы. І ў Беларусі настроі. Там жа ўсё пераплецена. Ва Украіне жывуць сем’і беларусаў, у Беларусі, у нас там на поўдні, жывуць сем’і ўкраінцаў. Ёсць змешаныя сем’і — пажаніліся, дзяцей выгадавалі, жылі як нармальныя людзі. Мяжы ж не было. Украінцы да нас прыходзілі праз мяжу, беларусы ва Украіну свабодна ездзілі. У свой час і я ва Украіну ездзіў. Нават мае карані дзесьці паміж Чарнігавам і Кіевам пахаваныя — маіх продкаў. І мы што, павінны ўсё гэта адкінуць убок, забыць і пачаць ваяваць? Не», — сказаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, Уладзімір Зяленскі разумее, што Беларусь уступаць у вайну не будзе.
«Тым больш ён (Зяленскі) выдатна разумее, што з боку Беларусі, і асабліва з майго боку, нейкіх ваенных дзеянняў чакаць не варта», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка папрасіў прабачэння ў ўкраінскага прэзідэнта за рэзкі адказ на словы пра 500 мэт на тэрыторыі Беларусі.
«Можа быць, я дзесьці і перабольшыў, але гэта быў адказ на яго заявы недарэчы: “Ды ў нас 500 мэт, ды мы ведаем, дзе Лукашэнка там знаходзіцца. Мы заўтра ўдарым ракетамі, беспілотнікамі”. Я маўчаў. Нават усе здзіўляліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек знаходзіцца пад такім ціскам, малады чалавек, неспрактыкаваны, ён не ваенны чалавек. Можа, нешта ў галаве не спрацавала. Я маўчаў. Але калі мне пачалі пагражаць, я быў вымушаны адказаць.
Калі Уладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я прашу ў яго прабачэння за гэтыя словы. Можа, і не трэба было, улічваючы тое, што ён усё ж такі ваюе. Можа, мне і не трэба было так рэзка казаць пра гэта. Але, з другога боку, ён павінен разумець, у нас часта кажуць: як спяваюць, так і адпяваюць», — заявіў Лукашэнка.
Ён параіў Зяленскаму не правакаваць яго і беларусаў.