Лукашэнка не выключыў сустрэчу з Трампам

Аляксандр Лукашэнка дапусціў сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і сказаў, што яго запрасілі на наступнае пасяджэнне Савета міру, якое запланавана на восень.

«Я не выключаю гэтай сустрэчы», — сказаў ён у інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія», адказваючы на пытанне пра планы сустрэчы з Трампам.

«Тым больш што я быў запрошаны на наступны Саміт міру. Наступная такая сустрэча адбудзецца восенню. Я запрошаны на гэтую сустрэчу (лідараў у рамках пасяджэння Савета міру)», — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што сустрэча з прэзідэнтам ЗША павінна быць старанна падрыхтаваная і прынесці канкрэтныя вынікі.

«Зноў жа, пра што заўсёды Пуцін кажа: перш чым сустракацца з кімсьці, асабліва калі сустракаюцца кіраўнікі дзяржаў, трэба разумець, што будзе ў выніку. Што, сустрэўшыся з Дональдам Трампам, мы можам склеіць, зварыць. Каб людзі атрымалі адказ: ну сустрэліся, і што?» — лічыць Лукашэнка.

Лукашэнка не разлічвае, што дасягнутыя дамоўленасці будуць мець глабальны характар, але яны павінны прывесці да паляпшэння адносін паміж краінамі.

«Так, гэта не могуць быць нейкія глабальныя дамоўленасці. Але гэта будуць дамоўленасці (у тым ліку на падставе кампрамісаў), каб развязаць нейкія вузлы, якія апошнім часам створаны паміж дзвюма дзяржавамі, каб зрабіць так, каб палепшыць нашы адносіны. Мы гатовыя да гэтага. І амерыканцы, і мы гатовыя стварыць гэтыя ўмовы. Яны павінны быць усёабдымныя», — заявіў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, на сустрэчы з Трампам павінна абмяркоўвацца не толькі вызваленне палітвязняў.

«Не толькі, як вы сказалі, зняволеныя, асуджаныя і гэтак далей. Паслухайце, гэта на паверхні. У нас ёсць пытанні пасольстваў, у нас ёсць пытанні эканамічнага характару, фінансавага. У нас шмат пытанняў. Гэтыя пытанні павінны быць у адным пакеце. І ў выніку сустрэчы двух прэзідэнтаў павінны быць калі не дамоўленасці, то хаця б намёкі на развязанне гэтых пытанняў», — заявіў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!