Скриншот видео t.me/pul_1
На саміце ЕАЭС у Астане Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў заяву камандуючага сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберта Броўдзі пра тое, што Украіна вызначыла 500 цэляў на тэрыторыі Беларусі. Адпаведнае пытанне задаў беларускаму кіраўніку расійскі прапагандыст Павел Зарубін. Відэа апублікавала прэс-служба Лукашэнкі, які назваў заявы ўкраінскага боку, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, «балбатнёй».
«Яны, можа, і вызначылі 500 цэляў. Дзякуй, што ў нас 500 цэляў для іх ёсць. У нас ёсць адна вельмі сур’ёзная мэта, з дакладнымі каардынатамі. І зусім недалёка ад Беларусі. Гэта ж яны таксама разумеюць. Гэта першае. Другое. Вы ведаеце, балбатня прэзідэнта — няхай мяне, Уладзімір Аляксандравіч, выбачыць за гэта, але гэта нейкая балбатня», — заявіў Лукашэнка.
На яго думку, вайскоўцы Украіны не хочуць вайны з Беларуссю, паколькі разумеюць, што гэта азначала б дадатковую тысячу кіламетраў фронту.
«І пазіцыі вайскоўцаў адрозніваюцца. Вайскоўцы Украіны ніякай вайны з Беларуссю не хочуць. Гэта я ведаю дакладна, таму што яны разумеюць, што гэта 1000 кіламетраў дадатковага фронту, мяжа — і няпростая мяжа Беларусі і Украіны. Ім гэта трэба? Не. Трэцяе. Ён, бачыце, 500 цэляў бачыць.
Напэўна, калі не сляпы, то і больш убачыць. Але ён павінен разумець, што мы бачым, хто стаіць на мяжы з таго боку. Гэта ж людзі, злоўленыя на вуліцах, небаракі-ўкраінцы і воіны так званай тэрытарыяльнай абароны — учарашнія рабочыя, механізатары, калгаснікі і гэтак далей. Што гэта за воіны? Гэта ж гарматнае мяса. Таму мы выдатна бачым гэтую балбатню», — сказаў ён.
Нагадаем, раней Броўдзі неаднаразова звяртаўся да Лукашэнкі з жорсткімі папярэджаннямі. У сваім апошнім допісе на гэтую тэму ён напісаў: «Мінскаму гаўляйтару Лукашэску: сабака, які брэша, не кусае. Драпежная птушка — не такая. Першыя 500 цэляў ужо на алоўку. Бясплатная і вельмі практычная парада: не лезь на вочы Украіне».
16 мая Броўдзі абвінаваціў Лукашэнку ў саўдзеле ў забойствах украінскіх мірных жыхароў, указаўшы на выкарыстанне беларускай тэрыторыі для пралёту расійскіх «шахедаў».
«Калідор для забойцаў = саўдзел = расплата», — напісаў ён тады.
На наступны дзень дадаў: «Лукашэску, прыглядайся да перспектыў».