Лукашэнка хоча, каб ЗША дапамаглі яму палепшыць адносіны з суседзямі

Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што ЗША дапамогуць Беларусі нармалізаваць адносіны з суседнімі краінамі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія», адказваючы на пытанне, ці могуць ЗША паўплываць на еўрапейскія краіны, каб тыя аднавілі супрацоўніцтва з Беларуссю.

«Было б нядрэнна. Я ад гэтага не адмаўляўся», — заявіў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь згодная на дапамогу ЗША ў нармалізацыі адносін з суседзямі.

«Калі амерыканцы захочуць націснуць або паўплываць на некаторыя еўрапейскія краіны, яны гэта могуць зрабіць. На некаторыя краіны яны ўплываюць. Нядрэнна было б, калі б амерыканцы ў гэтым плане нам дапамаглі з нашымі суседзямі нармалізаваць адносіны. Мы ні ад якой дапамогі не адмаўляемся», — сказаў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь вядзе дыялог не толькі з ЗША, але і з краінамі ЕС, аднак гэтыя кантакты непублічныя.

«Мы вядзём дыялог не толькі з амерыканцамі. Мы знаходзімся ў цесным кантакце (пакуль не ў публічнай прасторы) з прадстаўнікамі буйных еўрапейскіх дзяржаў», — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, больш за два гады таму адбыліся кантакты з афіцыйнымі прадстаўнікамі Вялікабрытаніі. Бакі абмеркавалі «мноства праблем», у тым ліку вайну ва Украіне, але да меркавання Лукашэнкі тады не прыслухаліся.

«Я выказваў свой пункт гледжання і потым сустракаўся з новымі кіраўнікамі адпаведных ведамстваў Вялікабрытаніі, якія прызналі, што я меў рацыю. Але тады тым шляхам, які я прапаноўваў у плане ўсталявання міру, не пайшлі. Сітуацыя ўскладнілася», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама нагадаў пра абмен на польска-беларускай мяжы, у выніку якога быў вызвалены Анджэй Пачобут, і заявіў, што ў працэс быў уцягнуты асабіста Трамп.

«Мы з еўрапейцамі ў кантакце. І нават з некаторымі суседзямі. Вазьміце тую ж Літву, Польшчу і абмены людзьмі, якія былі замяшаныя ў шпіянажы і супрацьпраўнай дзейнасці ў Беларусі, антыканстытуцыйнай. Перш чым абмяняць людзей, былі ўцягнутыя кіраўнікі многіх краін, у тым ліку і Дональд Трамп быў уцягнуты ў гэты перамоўны працэс.

Скажу шчыра, цэлая каша заварылася. Мы з амерыканцамі пачыналі гэтыя перамовы, мы гатовыя з імі весці гэтыя перамовы, але на роўных умовах. Камандаваць намі не атрымаецца. Мы гатовыя з еўрапейцамі гаварыць і размаўляем. Мы гатовыя, каб амерыканскія прадстаўнікі і еўрапейскія імкнуліся наладзіць з намі нармальнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Ужо ўсе — і еўрапейцы, і амерыканцы — разумеюць, што такое супрацоўніцтва павінна быць. Больш за тое, ужо ёсць рух да гэтага супрацоўніцтва. Трэба, каб гэта працягвалася», — заявіў Лукашэнка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!