Лукашэнка назваў адданую армію ўмовай суверэнітэту

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што суверэнітэт забяспечыць толькі адданая армія. Пра гэта ён заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.

«Наша мерапрыемства арганічна спалучаецца са святочнымі днямі, прысвечанымі Дню Незалежнасці Беларусі. І гэтая сувязь вельмі сімвалічная.

Па-сапраўднаму суверэннай можа быць толькі тая краіна, асабліва цяпер, якая мае моцную, добра ўзброеную і адданую народу і дзяржаве армію, што мае ў сваім складзе сапраўдных прафесіяналаў у пагонах», — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка, як звычайна, падкрэсліў, што беларусы — мірныя людзі.

«Беларускі народ перажыў неверагодныя выпрабаванні ў гады фашысцкай акупацыі і на генетычным узроўні не прымае вайны. Мы мірныя людзі, ваяваць не хочам, але і перад ворагам галовы схіляць не маем намеру.

Таму ўсе гэтыя гады Беларусь будавала, развівала і ўмацоўвала Узброеныя Сілы — галоўнага гаранта нашай незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці», — дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!