Лукашэнка нагадаў мільёнам беларусаў, што ім час ісці на працу

Аляксандр Лукашэнка падчас традыцыйнага каляднага наведвання праваслаўнага храма нагадаў жыхарам краіны, што заўтра ім ужо на працу. Паводле яго слоў, чарга святаў завяршаецца. Ён адзначыў, што яны прайшлі пад мірным небам.

«Хтосьці, можа быць, і не адпачываў. Вы ведаеце, што ні мне, ні вайскоўцам у гэты час адпачынку ніякага быць не можа, калі адпачываюць нашы людзі, калі яны расслабленыя, больш думаюць пра сябе і сям’ю. Людзям у пагонах, ды і мне як галоўнакамандуючаму, у гэты час не да адпачынку. Але нічога страшнага, гэта мы ўсе вытрымаем. А мільёнам і мільёнам беларусаў трэба прымацца за працу», — сказаў ён.

«Задачы зразумелыя. Мэты вызначаныя. Хочам жыць добра — трэба выканаць тое, што мы нядаўна намецілі. Таму — за працу», — заклікаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі ёсць усё, каб можна было жыць, карміць сябе і сваіх дзяцей, але толькі пры ўмове працы.

«Без працы нічога не будзе», — сказаў ён.

«У апошні час вельмі шмат гавораць, вельмі часта, асабліва дзяржаўныя служачыя, ды і, напэўна, на гэта пачалі “пакутаваць” і нашы святары: “За Радзіму, за партыю і гэтак далей!”. Ведаеце, я вам скажу проста, нядаўна пра гэта падумаў: за Радзіму ў нас ёсць каму змагацца і ісці наперадзе. Вы, калі ласка, падумайце пра сваю сям’ю, сваіх дзяцей, пра сваіх каханых. І памятайце, што ў любой складанай абстаноўцы вы павінны абараніць менавіта гэтыя святыні ў вашым жыцці. А з усяго гэтага складзецца абарона нашай Радзімы», — працягнуў Лукашэнка.

Чарговы раз ён паўтарыў тэзіс пра тое, што кожны павінен ціха працаваць на сваім месцы.

«Часта пра гэта кажу. Зрабіце тое, што вы павінны зрабіць на сваім рабочым месцы. Урач — у сябе ў бальніцы, у фельчарска-акушэрскім пункце, настаўнік — у школе, выкладчык — у ВНУ, дзяржаўны служачы, святары — на сваіх месцах. І ўсё ў нас будзе нармальна. Усё астатняе — за мной», — сказаў ён.

Сёння Лукашэнка наведаў храм у гонар іконы Божай Маці «Млекапітальніца» ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна, дзе запаліў свечку. Ён таксама абмяняўся падарункамі. Лукашэнка перадаў храму ікону Божай Маці «Мінская», якая ўпрыгожаная паўкаштоўнымі камянямі і жэмчугам. Яму ад БПЦ уручылі копію Крыжа Прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!