Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў вайну ў Іране, заявіўшы, што Беларусь займае «акуратную ўзважаную, чалавечую пазіцыю» і не мае намеру ўцягвацца ў канфлікт. Пра гэта ён сказаў, адказваючы на пытанні журналістаў падчас сённяшняй паездкі ў Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці.
«Мы займаем акуратную ўзважаную пазіцыю. Чалавечую. Тое, што я заўсёды прапаведую. З Іранам у нас былі добрыя адносіны. Не скажу, што там яны выконвалі ўсе нашы запыты і іншае… Ну што цяпер крыўды нейкія выказваць, калі разбамбілі краіну. Старажытная краіна. Вельмі духоўныя людзі, мусульмане. Мы з імі мелі добрыя адносіны. Пачалася вайна», — сказаў ён, нагадаўшы пра сваю сустрэчу з паслом Ірана.
“Мы не ўвязваемся ў гэтую вайну. Я не хачу навязаць сваёй краіне, вам нейкія праблемы. Там амерыканцы з яўрэямі ўжо столькі сабе праблем стварылі… Разбамбілі Газу, дзяцей, усё перамяшалі, там нічога жывога няма”, — заявіў ён.
На думку Лукашэнкі, атака не дасягнула сваіх мэтаў, а наадварот — згуртавала народ.
«Я ведаю, чаго яны хацелі — гэта 4–5 пунктаў, пачынаючы ад звяржэння ўлады і заканчваючы бамбёжкамі ядзерных аб’ектаў, адмовай ад ядзернай зброі. Яны думалі: бомбанем, і ўвесь народ пойдзе супраць. А нічога не атрымалася. А калі забілі Алі Хаменеі, там народ увогуле — гэта ж духоўныя мусульмане — яны аб’ядналіся, і там ужо і апазіцыі няма. Ну што зрабілі? Нічога. Аб’екты ядзерныя? Дык яны ніводны аб’ект не дасталі. Тое, што на зямлі было, гэта лёгка аднавіць або замяніць. А тое, што яны схавалі ў горы, усё цэлае. Яны падштурхнулі працэс узбагачэння ўрану. Яны толькі горш зрабілі», — сказаў ён, заявіўшы, што ў Іране “шмат пракапалі тунэляў і схавалі” свае аб’екты.
Паводле яго слоў, Іран звяртаўся да Беларусі па пытаннях гуманітарнага характару.
“Я кажу: “Калі ласка”. Галоўнае, кажу, накарміць людзей. Яшчэ толькі пачатак быў. І аказаўся правы, харчаванне пайшло ўверх. Мы былі пад санкцыямі разам з імі — і ёсць. Мы зыходзім з комплексу прычын і з гэтага выбудавалі нашу пазіцыю і наша стаўленне да Ірана. Чалавечае, справядлівае”, — заявіў Лукашэнка.