Увечары 8 лютага адбылася тэлефонная размова паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Сярод абмеркаваных пытанняў прэс-службы абодвух адзначылі міжнародны парадак дня.
«Абмеркаваны ход падрыхтоўкі да запланаванага на канец лютага пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Закрануты таксама шэраг актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня», — паведаміла прэс-служба прэзідэнта Расіі.
Прэс-служба Лукашэнкі таксама адзначыла маючае адбыцца пасяджэнне ВДС, якое запланавана на 25 лютага.
«Прэзідэнты абмеркавалі час і тэрміны яго правядзення, парадак дня і іншыя пытанні падрыхтоўкі маючага адбыцца мерапрыемства, на якім будуць разгледжаны ключавыя аспекты інтэграцыйнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама быў абмеркаваны «шэраг актуальных пытанняў беларуска-расійскіх адносін з акцэнтам на рэалізацыю сумесных праектаў».
«Закранулі кіраўнікі дзяржаў і міжнародную тэматыку, развіццё абстаноўкі ў рэгіёне», — паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.