Рэтраспектыўная фотавыстава Наталлі Дораш адкрылася ў Мінску

У галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася рэтраспектыўная фотавыстава Наталлі Дораш.

Наталля Дораш пайшла ад нас у кастрычніку 2025 года, пакінуўшы пасля сябе тысячы здымкаў Беларусі. Яны здымала з юных гадоў, а калі вучылася на журфаку ў Мінску, пазнаёмілася з літоўскай школай фатаграфіі. Вялікі ўплыў на яе аказаў Антанас Суткус. Па словах Дораш, фатограф «зрабіў пераварот» у яе свядомасці. «Дзякуючы гэтаму майстру фатаграфіі з маіх вачэй былі знятыя шоры, якія замінаюць бачыць і здымаць навакольны свет «не для газеты».

Яе здымак 1979 года «Дзедавы яблыкі», зроблены відавочна пад уплывам літоўскага майстра, ўдзельнічаў ва ўсесаюзнай міжклубнай фотавыставе «Свет сучасніка–82» і заваяваў залаты медаль менавіта праз выбар Суткуса.

Наталля Дораш. Дзедавы яблыкі.

У рэтраспектыўнай экспазіцыі «Фотамагія Наталлі Дораш» паказалі яе фотаздымкі, выкананыя за пяць дзесяцігоддзяў: нацюрморты, пейзажы, партрэты.

Наталля Дораш. З серыі «Людзі Палесся». Фота: сацсеткі

Знакамітую серыю «Людзі Палесся» аўтарка здымала на працягу амаль 40 гадоў (з 1976 года) у палескай вёсцы Букча – радзіме мужа. Таксама ў яе творчым даробку ёсць сотні фатаграфій прыроды Палесся.

Наталля Дораш. Трыпціх “Апошні дзень лета”. Фота: сацсеткі

Серыя «Гродна» прысвечана роднаму гораду, у які сям‘я вярнулася пасля вучобы ў Мінску. Дораш фатаграфавала архітэктуру Гродна і яе жыхароў, якіх сустракала на вуліцах. Яе прыцягвалі панадворкі, старадаўнія дзверы і «вокны, якія свецяцца» ў раёне Новы Свет, які фатографка здымала для гісторыі, мяркуючы, што яго хутка знясуць.

Наталля Дораш. З серыі “Сны старога горада”. Фота: сацсеткі.

Вытворчая тэма ў аўтарскай спадчыне з’явілася дзякуючы працы фотакарэспандэнта ў абласной газеце будаўнікоў, якую яна атрымала пасля вяртання ў Гродна.

У 1990-я гады Дораш сканцэнтравалася на рэлігійнай тэме. Здарылася гэта пасля таго, як яе муж вырашыў стаць святаром і пачаў служыць у сельскім прыходзе ў Гродзенскім раёне.

Наталля Дораш. З серыі “Нацюрморты”. Фота: сацсеткі.

На адкрыцці выставы адзін з выступоўцаў сказаў, што з сотні чалавек, што прыйшлі на вернісаж, большасць – чытачы яе фэйсбука.

У сваім фэйсбуку Наталля да сваёй смерці амаль штодзень выкладала фатаграфічныя нацюрморты, гарадскія, але часцей – вясковыя краявіды. Яна любіла світанкі і туманы, далёкія планы і ўтульныя куточкі, а асабліва – акварэльную мяккасць тонкіх станаў прыроды.

Выстава будзе працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы да 15 красавіка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!