Фото: president.gov.by
Беларусь не хоча быць пасярэднікам у перамовах паміж Украінай і Расіяй, але лічыць сябе зацікаўленым бокам, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія». Ён лічыць, што перамовы павінны весці Украіна, Расія і Беларусь.
Лукашэнка заявіў, што бакі павінны дасягнуць кампрамісу. У яго ёсць ідэі наконт гэтага, але ён не хоча іх агучваць.
«Калі яны ўсвядомяць з аднаго і з другога боку (не толькі Пуцін, Зяленскі, але і еўрапейскія лідары), што ўсё, тупік, далей нельга, далей будзе эскалацыя і яшчэ горшая будзе сітуацыя… Вось калі гэта ў галовах тых, хто ваюе, і іх прыхільнікаў складзецца, значыць, можна дасягнуць кампрамісу.
Якія канкрэтныя крокі могуць быць зробленыя для кампрамісу? У мяне ёсць на гэта пункт гледжання. Я не хачу пра гэта казаць, таму што гэта будзе вырашацца за сталом перамоваў, і не я гэта буду вырашаць, а бакі, непасрэдна ўцягнутыя ў гэты канфлікт», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка заявіў, што не любіць пасярэдніцтва і не імкнецца да таго, каб Беларусь стала пасярэднікам у працэсе ўрэгулявання.
«Не магу гэтага цярпець. Чаму? Калі абвастрыліся адносіны паміж Захадам і Беларуссю, ахвотных быць пасярэднікамі было вельмі шмат. Я тады сказаў: дзякуй, не трэба, мы без пасярэднікаў паспрабуем дамовіцца.
Я ўвогуле не люблю пасярэдніцтва. З філасофскага пункту гледжання апынаешся паміж жорнамі, цябе могуць проста перацерці і выплюнуць. Мы ведаем сваё месца. Мы не валодаем каласальным рэсурсам, дапусцім, як Кітай. Або нейкія іншыя краіны, якія проста лезуць са скуры прэч, каб быць пасярэднікамі», — сказаў Лукашэнка.
Беларусь павінна выступаць не як пасярэднік, а як зацікаўлены бок, а перамовы ўрэшце павінны весці Лукашэнка, Пуцін і Зяленскі, лічыць Лукашэнка.
«Таму што вайна ідзе практычна ў нас на падворку. Мы не хочам гэтай вайны, таму што можам пацярпець гэтаксама, як пакутуюць тыя ж украінцы і расіяне. І я першапачаткова лічыў, што гэты канфлікт павінен быць спынены і мірныя дамоўленасці павінны быць паміж бакамі канфлікту.
А далей — толькі мы, тры славянскія народы, дамовіўшыся, будзем неяк расхлёбваць наступствы. Вось пабачыце, ніякія амерыканцы і еўрапейцы туды ўкладвацца не будуць. Гэта чужая для іх зямля.
Нам трэба перажыць гэты канфлікт, сесці за стол перамоваў утрох — Лукашэнку, Пуціну і Зяленскаму — і дамовіцца, як будзем пераадольваць наступствы гэтага канфлікту. Мы павінны вырашыць гэтае пытанне. Гэта было прапанавана мною даўно. Гэтая прапанова не знікла, не забыта.
Думаю, што Уладзімір Аляксандравіч Зяленскі, ён жа не дурны чалавек, нарэшце зразумее… Пераступіць (ён і іншыя) праз крыўды, праз амбіцыі, праз смерць тысяч і тысяч людзей, і мы пачнём дамаўляцца», — заявіў Лукашэнка.