Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка хоча, каб Беларусь была не раздзяляльнай лініяй, а мостам паміж Усходам і Захадам. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з губернатарам Кіраўскай вобласці Расіі Аляксандрам Сакаловым. Лукашэнка выкарыстаў сустрэчу для таго, каб пракаментаваць падзеі апошніх дзён, у прыватнасці прэтэнзіі ЗША на Грэнландыю. На яго думку, Еўропа ў гэтай сітуацыі павінна зразумець, што яе будучыня — разам з Расіяй.
«Мы, вядома, не радуемся, што ў Еўропе праблем больш, чым у нас. І што яны нікуды не дзенуцца, каб купляць з Усходу газ. А не толькі з заходняга паўшар’я ў пяць разоў даражэй, чым Расія заўсёды прапаноўвала. Мы не радуемся. Але я, шчыра кажучы, задаволены тым, што, нарэшце, Еўропа зразумела, дзе іх шчасце. Задоўга да ўсялякіх праблем, якія ў іх склаліся, публічна казаў пра тое, што месца Еўропы разам з намі, з Расіяй. Гэта наш дом, тут трэба шукаць шчасце», — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Ён лічыць, што сёння еўрапейская палітыка будзе змяняцца. У гэтым кантэксце ён хацеў бы бачыць Беларусь мостам, які злучае Усход і Захад.
«Не зразумелі. А калі і зразумелі, духу не хапіла і сіл, каб гэта рэалізаваць. Сёння ўжо Мерц заявіў пра тое, што трэба ўласную палітыку праводзіць, і калі амерыканцы ўвядуць пошліны, то яны гатовыя адказаць ім большымі пошлінамі.
Магчыма, Еўропа, нарэшце, зразумела, што ёй трэба быць суб’ектам міжнародных адносін. Магчыма. Дай бог. Я не хачу, каб была канфрантацыя з амерыканцамі. Але Еўрапейскі саюз — гэта магутнае аб’яднанне, тэхналагічнае. Ну будзьце ж вы годныя таго, каб называцца Еўрапейскім саюзам, тут жа разумныя людзі жывуць. Вялізная колькасць людзей. Давайце супрацоўнічаць, што мы коса глядзім адзін на аднаго.
Мы хочам быць не нейкай раздзяляльнай лініяй, мы хочам быць мостам паміж Усходам і Захадам, як заўсёды гэта было. Толькі нас дзяліць не трэба. Нас ужо цяжка падзяліць. У абарончым плане мы з Расіяй тут як адзінае цэлае, і глядзець на нас асобна — на Беларусь, асобна на Расію — няма ніякага сэнсу. Камусьці хочацца, магчыма, але так не будзе. Мы гатовыя абараняць свае інтарэсы. А Гасподзь нам заўсёды дапаможа», — працягнуў Лукашэнка.
Ён таксама даў ацэнку дзеянням Дональда Трампа.
«Глядзіце, ён адкрыта кажа: “Нам патрэбна Венесуэла, бо там ёсць нафта. Нам патрэбна Грэнландыя, бо для абароны важна і рэдказямельныя металы, нафта, газ — усё там ёсць”. Ён адкрыта пра гэта кажа. Чаго дыпламаты не прымаюць. Ды і я. Ты ўжо памаўчы, што там нафта, кажы, што там наркабароны, змагайся супраць іх. А ён адкрыта кажа: яму патрэбна нафта. “І калі вы, еўрапейцы, наша не будзеце купляць, то вам канец, мы вас усіх пераб’ём і гэтак далей і таму падобнае”. У адкрытую», — сказаў Лукашэнка.
будзе дапоўнена