Фото: МВД
Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла аб затрыманні 25-гадовага берасцейца па падазрэнні ў выкарыстанні шкоднаснага ПЗ. Маладога чалавека ў паведамленні прэс-службы называюць «хакерам-самавукам».
«Фігурант распаўсюджваў траянскае ПЗ, маскіруючы яго пад чыты для гульняў і бясплатныя прыкладанні. Такім чынам зламыснік атрымліваў несанкцыянаваны доступ да камп’ютарных сістэм, крадучы персанальныя даныя карыстальнікаў, уключаючы ўліковыя запісы, банкаўскую інфармацыю і звесткі пра крыптавалютныя кашалькі. Выкрадзенае рэалізоўваў у ценявым сегменце інтэрнэту», — расказалі ў МУС.
Паводле папярэдніх даных, пацярпелымі сталі больш за 3 тыс. чалавек, жыхары краін СНД і Еўропы, у тым ліку грамадзяне Беларусі. Незаконны даход берасцейца склаў дзясяткі тысяч долараў.
Распачата крымінальная справа.