Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняга наведвання Брэсцкага электралямпавага завода, які ўваходзіць у холдынг «Гарызонт», заявіў пра наяўнасць праблем у аб’яднання. Ён запатрабаваў завяршыць мадэрнізацыю завода і забяспечыць на ім вытворчасць святлодыёдных лямпаў.
Паводле слоў Лукашэнкі, становішча холдынга сёлета пагоршылася. Аб’ём вытворчасці па выніках паўгоддзя скараціўся на 5,6%, прыбытак ад рэалізацыі — на 32%, а рэнтабельнасць продажаў зменшылася з 4,6% да 3%. Ён таксама ўказаў на нізкі ўзровень лакалізацыі.
«Да канца года патрабуецца абноўленая стратэгія развіцця ўсіх прадпрыемстваў холдынга з канкрэтнымі задачамі па экспарце і лакалізацыі. Калі трэба, падцягвайце айчынных сумежнікаў з прамысловай галіны. Нельга загубіць гэты працэс сваёй непаваротлівасцю», — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Гаворачы непасрэдна пра лямпавы завод, ён запатрабаваў асвоіць выпуск новай прадукцыі.
«Без асвятлення, без лямпачкі — нікуды. Таму гэта прадпрыемства павінна развівацца. Таму што гэты прадукт, як хлеб, ён неабходны», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, толькі ў так званай Саюзнай дзяржаве патрабуецца 350 млн святлодыёдных лямпаў штогод.
«Ці можам мы канкурыраваць? Можам. Кадры і кампетэнцыі ёсць», — сказаў ён.
Лукашэнка запатрабаваў скончыць мадэрнізацыю прадпрыемства, стварыць узаемавыгадную прамысловую кааперацыю ў рэгіёне і краіне, шукаць эканоміку ў кожнай дэталі лямпачкі. Яшчэ адно яго патрабаванне — павялічваць лакалізацыю, бо кошт транспарціроўкі камплектуючых часам вышэйшы за кошт самой дэталі. Акрамя таго, ён даручыў не дапускаць на беларускі рынак няякасны тавар.